Пошук

10.06.2019 12:54   Паводле: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Sdb.by / Фота: Sdb.by

8 чэрвеня, ва ўспамін благаслаўлёнага салезіяніна-мучаніка Стэфана Шандара, у мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля дыякан Артур Ляшнеўскі SDB прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Як паведамляе інтэрнэт-старонка салезіянаў у Беларусі Sdb.by, сакрамэнт удзяліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB.

Радасная і хвалюючая падзея сабрала у мурах святыні ўсю салезіянскую сям’ю Беларусі, святароў і сясцёр законных з іншых манаскіх супольнасцяў, родных і сяброў дыякана Артура, шматлікіх вернікаў, дзяцей і моладзь.

Уступнае слова на пачатку літургіі ўзяў рэгіянальны настаяцель салезіянскай сям’і на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Ён адзначыў, што гэтая падзея важная не толькі для салезіянскай сям’і, але і для ўсёй каталіцкай Беларусі. Рэгіянальны настаяцель падзякаваў родным дыякана: бацькам, бабулі, сястры, якія паўплывалі на станаўленне і выхаванне будучага святара.

У гаміліі біскуп адзначыў, што прэзбітэрскае пасвячэнне яшчэ аднаго сына беларускай зямлі з’яўляецца вялікім святам для нашага Касцёла. Становячыся святаром, Артур Ляшнеўскі бярэ на сябе адмысловыя абавязкі і заданні: прызнанне і праслаўленне Бога, абвяшчэнне Яго славы, перапрашэнне за грахі свае і за грахі ўсіх людзей.

Калі святар не ставіць на першае месца Езуса, дадаў біскуп, то становіцца эгацэнтрычным, пачынае прапаведваць сябе і сваю славу.

Іерарх нагадаў таксама характарыстыкі добрага пастыра. У першую чаргу гэта заданне і намер праз усё жыццё наследаваць выключна Езуса Хрыста. У сваіх словах, паводзінах, дзеяннях святары павінны адпавядаць таму, чаму навучаюць вернiкаў. Другая характарыстыка — гэта пабожнасць. Вера ў жывога Езуса ў табэрнакулюме, у Эўхарыстыі павінна быць у кожнага святара.

Найвышэйшай веліччу і ўпрыгажэннем кожнага святара, як адзначыў біскуп, з’яўляецца цэлібат. «У сучасным свеце можна пачуць пра балючыя моманты ламання цэлібату духоўнымі асобамі. Парушэнне цэлібату праяўляецца не толькі ў форме фізічных адносін, але і ў духоўнай форме, таму запрашаю цябе сёння, дыякан Артур, з большай моцай, з большым адданнем упрыгожыць сваё манаскае жыццё паслядоўным захаваннем цэлібату, а таксама манаскага абяцання чыстасці», — сказаў іерарх.

Біскуп звярнуў увагу на заклік папы Францішка пазбавіцца ў святарскім жыцці жадання абагачэння і прагнення славы.

Наступнымі якасцямі, без якіх немагчыма ўявіць сабе добрага пастыра, з’яўляюцца руплівасць і паслухмянасць. І апошняй якасцю, якую ўзгадаў біскуп, з’яўляюцца веды. Нездарма перад прэзбітэрскім пасвячэннем кандыдаты праходзяць доўгі шлях фармацыі, паглыбляючы свае веды, каб мець магчымасць дзяліцца імі з вернікамі, апавядаючы пра Бога.

«Не бойся нікога і не бойся нічога, бо, як казаў святы апостал Павел, супакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрца тваё і думкі твае ў Езусе Хрысце, нашым Пану», — такімі словамі завяршыў сваё айцоўскае настаўленне біскуп Аляксандр.

Дыякан перад усімі сабранымі вернікамі выказаў намер выконваць абавязкі святара згодна з навукай Хрыста і Касцёла, падышоў да біскупа і уклаў свае складзеныя рукi ў ягоныя далоні, што падкрэслівае поўнае адданне сваёй волі ў рукі Святой Маці — Касцёла. Затым дыякан лёг ніцма перад алтаром, а прысутныя папрасілі ў літанii заступніцтва ўсіх святых за новага святара.

Потым біскуп усклаў рукі на галаву кандыдата, за ім гэты жэст перадачы Духа Святога новаму прэзбітэру паўтарылі ўсе прысутныя святары. Іерарх прачытаў кансэкрацыйную малітву, пасля чаго ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB апрануў стулу і арнат і заняў месца сярод сваіх сабратоў каля алтара, каб упершыню ў якасці прэзбітэра далучыцца да цэлебрацыі Эўхарыстыі.

Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр, не хаваючы вялікай радасці, выказаў падзяку ўсім прысутным за ўдзел у гэтай гістарычнай падзеі. Ксёндз Артур падзякаваў Богу, біскупу і святарам, сабратам, бацькам, родным і блізкім, моладзі і ўсім прысутным, а таксама папрасіў усемагутнага Бога аб благаслаўленнi яйго святарскага шляху.

Першым месцам служэння кс. Артура стане салезіянская супольнасць у Смаргоні, дзе ён зойме пасаду эканома супольнасці і адказнага за моладзевы араторый імя святога Яна Боско.

Пасля Імшы сабраных чакала святочная праграма, падрыхтаваная моладдзю і парафіянамі, пачастунак і жывая музыка ў выкананні гурту «Боско-бэнд». Шматлікія вернікі падыходзілі да новага прэзбітэра, каб выказаць віншаванні, пажаданні і зрабіць сумесны фотаздымак.

Абноўлена 10.06.2019 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа