
2 чэрвеня ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у мястэчку на Магілёўшчыне, дзе калісьці знаходзілася адна з найбольш шанаваных на нашых землях марыйных святыняў, упершыню за больш як 20 гадоў дзеці прынялі Першую святую Камунію.
Дзякуючы руплівасці бацькоў, намаганням катэхеткі с. Веры Гаспаровіч MSF, пастырскаму клопату пробашча кс. Юзафа Сярпейкі і супольным малітвам усіх вернікаў бялыніцкай парафіі чацвёра дзетак ва ўзросце ад 9 да 11 гадоў упершыню прынялі Цела Хрыста ў святой Камуніі.
Да гэтага ўрачыстасць Першай святой Камуніі ў Бялынічах апошні раз адбывалася 1 чэрвеня 1997 г.
Тады функцыі пробашча выконваў кс. Караль Тамэцкі, які асаблівым чынам прычыніўся да адраджэння веры на Магілёўшчыне. У сувязі з тым, што ў Бялынічах доўгі час не было пастаяннага душпастыра, у наступныя гады дзяцей адсюль вазілі ў касцёлы ў Шклове ці ў Магілёве, дзе яны ўпершыню бралі поўны ўдзел у сакрамэнце Эўхарыстыі.

Мінулую нядзелю на ўсё жыццё запамятаюць тры дзяўчынкі і хлопчык, якія ў гэты дзень у Бялынічах прынялі сваю першую ў жыцці святую Камунію.
Як каштоўны дар з нябёсаў дзеці ўпершыню прынялі Цела Хрыста, з якім не ў стане параўнацца ніякія іншыя падарункі. Нешматлікія бялыніцкія вернікі ўскладаюць на іх вялікую надзею і моляцца аб тым, каб гэтыя чацвёра дзетак сталі побач са сваімі старэйшымі братамі і сёстрамі ў Хрысце і разам з імі працягвалі будаваць духоўную супольнасць парафіі, годна і пабожна прымаючы Цела Хрыста і аддаючы пашану Яго Найсвяцейшай Маці, ва ўлонні якой спрадвечнае Божае Слова сталася Целам і пасялілася між намі.

































































































