З 18 па 25 мая ў Магілёве праходзіць XXIII Міжнародны фестываль «Магутны Божа», у якім бяруць удзел прадстаўнікі 14 краін.
Упершыню на фестываль духоўнай музыкі ў Магілёў прыбылі госці з Партугаліі, Швецыі і Аўстрыі. Усяго гэтае музычнае свята духоўнасці і культуры сабрала ў горадзе на Дняпры больш за паўтары тысячы ўдзельнікаў.
Традыцыйна праграма фестывалю складаецца з выступленняў прадстаўнікоў трох хрысціянскіх канфесій: праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай. У межах фестывалю праходзяць канцэрты вядомых прафесійных артыстаў, выканаўцаў духоўнай музыкі. Некаторыя з іх адбываюцца ў магілёўскім конкатэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава, з якога ўжо больш за чвэрць стагоддзя таму і пачыналася гісторыя фестывалю.
21 мая ўсе ўдзельнікі фестывалю прадставілі сваю творчасць на гала-канцэрце, на якім прысутнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, прадстаўнікі ўлады і дыпламатычнага корпусу.
Нагадаем, што першы фестываль «Магутны Божа» адбыўся ў 1993 годзе. Назва яго паходзіць ад першага радка твору беларускага кампазітара Міколы Равенскага на словы паэткі Наталлі Арсенневай «Малітва». Гэты малітоўны спеў з’яўляецца сапраўдным духоўным гімнам хрысціянаў Беларусі, які выконваецца на розных рэлігійных мерапрыемствах і падчас найбольш урачыстых цэлебрацый Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
Сёння фестываль «Магутны Божа» — гэта свята творчага ўзаемадзеяння усіх хрысціянаў і людзей, якія імкнуцца дакрануцца да духоўнасці і глыбей пазнаёміцца з багатай спадчынай сусветнай хрысціянскай культуры.