Пошук

22.05.2019 11:07   Святлана Жылевіч / Waladarka.by
Фота: waladarka.by

15–16 мая інваліды з Браслава, якімі апякуюцца сёстры эўхарысткі, наведалі святыні ў Відзах, Далёкіх і Опсе, што стала для іх своеасаблівымі рэкалекцыямі.

Як паведамляе сайт санктуарыя Маці Божай Браслаўскай Waladarka.by, ужо на працягу некалькіх гадоў сёстры эўхарысткі ў Браславе апякуюцца дарослымі з Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў, што пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Другі год штотыднёвыя сустрэчы на духоўныя тэмы для такіх асоб праводзіць сястра Кацярына Папакуль SJE. Гэта яна на мінулым тыдні арганізавала для сваіх падапечных своеасаблівыя рэкалекцыі, што суправаджаліся наведваннем святыняў Браслаўшчыны.

Мэтай двухдзённай паездкі было не толькі знаёмства з касцёламі і сядзібай Плятэраў у Опсе, але таксама духоўнае ўмацаванне праз насычаную малітоўную праграму.

Спачатку браслаўчане наведалі касцёл у Відзах, а потым скіраваліся ў парафію ў Далёкіх, дзе ў іх быў абед, святая Імша, вечаровыя размовы пры вогнішчы і прагляд фільма, які вучыў радавацца кожнаму дню, нягледзячы на цяжкасці.

Наступны дзень распачаўся таксама з малітвы, была і праца ў групах, скіраваная на развіццё адказнасці за сябе і іншых, і набажэнства Крыжовага шляху, якое правёў ксёндз Андрэй Бочар. У разважаннях крыжовай мукі Хрыста святар заклікаў людзей з асаблівасцямі развіцця зразумець, што нават калі яны нічога не могуць зрабіць фізічна, то могуць маліцца. Малітва церпячых людзей вельмі дапамагае іншым.

«На нашых сустрэчах мы пазнаём тое, чаму вучыў Езус. Мы часта чытаем Божае слова і вучымся кіравацца ім у жыцці, у канкрэтных сітуацыях,

— гаворыць сястра Кацярына. — Я вучу іх бачыць у кожным чалавеку Езуса. Каб разумець, што, калі крыўдзім кагосьці, то крыўдзім Езуса, калі пляткарым, то кажам няпраўду пра Езуса. А калі іншаму скажам добрае слова ці ўсміхнемся — то таксама робім гэта самому Богу. У гэтыя дні мы таксама мелі магчымасць вучыцца размаўляць з Богам падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту і атрымаць дар прабачэння і аднаўлення ў сакрамэнце паяднання».

«Цэнтр дзённага знаходжання інвалідаў шмат робіць для такіх асобаў, яны адчуваюць сябе патрэбнымі. А я падкрэсліваю ім, што іх малітва вельмі патрэбная іншым і праз яе яны могуць шмат зрабіць», — дадала сястра.

У рэкалекцыях у дарозе ўзялі ўдзел 10 чалавек. Сярод іх былі не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій.

Абноўлена 22.05.2019 12:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця