Пошук

22.05.2019 11:17   Catholic.by

18 мая ў Навагрyдку прайшоў IV Фестываль сям’і, арганізаваны парафіяй cвятога Міхала Арханёла. Як і ў мінулыя гады, фестываль сабраў шмат сем’яў рознага веравызнання і стаў для навагрудчан сапраўдным святам.

Перад пачаткам фестывалю ў касцёле святога Міхала Арханёла адбылася святочная Імша ў інтэнцыі сем’яў. Потым у суправаджэнні аркестра і дзіцячага ансамбля «Жавароначкі» ўсе прысутныя прайшлі ад плошчы да гарадскога парку, дзе адбылася асноўная частка фестывалю. Шэсце сем’яў — добрая і яркая фестывальная традыцыя.

На пачатку вялікай святочнай праграмы ўдзельнікаў прывіталі прадстаўнік мясцовай улады і пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жэгарын, які адзначыў, што здаровая хрысціянская сям’я — моцны падмурак нашага грамадства і адзіны шлях, каб збудаваць будучыню для наступных пакаленняў.

Як сказаў кс. Юрый Жэгарын, яму вельмі прыемна бачыць на фестывалі шмат сем’яў — не толькі каталіцкіх — і тое, што фестываль выйшаў ужо за межы парафіі. У гэтым годзе актыўны ўдзел у ім прымалі сем’і з парафіі ў Стоўбцах.

У праграме былі сямейныя і дзіцячыя конкурсы, выступленне дзіцячага калектыву «Жавароначкі», малюнкі на асфальце, турыстычная пляцоўка, спартовыя эстафеты і многае іншае.

Парк быў напоўнены дзіцячым гоманам, смехам і радасцю. Дзеці і дарослыя гулялі, спявалі, малявалі і проста весяліліся ад душы. Усе ўдзельнікі гульняў і конкурсаў атрымалі падарункі і памятныя сувеніры. На працягу мерапрыемства прысутных забаўлялі роставыя лялькі, працавалі атракцыёны.

У межах свята прайшло адразу некалькі конкурсаў. Самым смачным стаў традыцыйны конкурс хатняй выпечкі, удзел у якім прынялі рэкордныя 32 працы.

Свае вакальныя, танцавальныя і іншыя таленты сем’і прадэманстравалі падчас творчага конкурсу.

Усе ўдзельнікі падарылі шмат радасных хвілін журы і гледачам.

Абноўлена 22.05.2019 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа