19 мая, у нядзелю, 75 вернікаў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы прынялі сакрамэнт канфірмацыі з рук свайго колішняга пробашча — Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага.
Гэты дзень стаў важным духоўным святам для ўсёй парафіяльнай супольнасці. Група канфірмаваных, якая складалася з дарослых і моладзі, на працягу доўгага часу праз малітву і катэхізацыю рыхтавалася да прыняцця Святога Духа. Некаторыя з моладзі наведвалі заняткі па рэлігіі з чатырох гадоў.
На пачатку ўрачыстай святой Імшы група кандыдатаў да канфірмацыі сустрэла біскупа перад уваходам у святыню, пасля чаго парафіяне і пробашч кс. канонік Аляксандр Барыла выказалі свайму пастыру цёплыя словы прывітання.
У прамове перад літургіяй біскуп Юрый Касабуцкі ўзгадаў, што 20 гадоў таму пакінуў вілейскую парафію пасля служэння ў ёй у якасці пробашча.
З таго часу вырасла цэлае пакаленне, і вельмі вымоўным з’яўляецца тое, што менавіта ён 20 гадоў таму благасалавіў сакрамэнт сужэнства бацькоў некаторых з маладых людзей, якія прымалі ў гэтую нядзелю сакрамэнт канфірмацыі.
У гаміліі іерарх распавёў гісторыю з фрэскай на сцяне вілейскага касцёла, якая адбылася падчас яго святарскага служэння ў гэтай парафіі. Было вырашана аднавіць знішчаную фрэску. За аднаўленне ўзяўся мясцовы мастак Уладзімір Мацюшонак. На цэнтральнай частцы фрэскі была адноўлена выява Езуса, які нясе крыж, але дзве бакавыя фрэскі былі моцна пашкоджаны, і выява не праглядалася. Біскуп адзначыў, што тады было вырашана напісаць на іх дзве запаведзі любові, якія з’яўляюцца асновай хрысціянскага вучэння.
Таксама іерарх разважаў пра важнасць хрысціянскай любові да кожнага чалавека. Акрамя гэтага, ён адзначыў, што падчас канфірмацыі Бог удзяляе нам не толькі сем дароў Духа Святога, але і безліч іншых дароў, якіх патрабуе кожны з нас.
Біскуп заахвоціў канфірмаваных карыстацца гэтымі дарамі ў жыцці, каб яны не сталі толькі прыгожым падарункам, які будзе стаяць у шафе.
Напрыканцы Эўхарыстыі канфірмаваныя выказалі шчырую падзяку Богу за такі важны ў іх жыцці дзень, падзяку пробашчу за падрыхоўку групы дарослых да прыняцця гэтага сакрамэнту, за дзяленне сваёй верай, ведамі і вялікай любоўю да кожнага з групы. Моладзь выказала падзяку настаўніцы рэлігіі Ганне Аўсейчык, якая адказна і з любоўю рыхтавала маладых людзей на ўсіх узроўнях катэхізацыі.
У прамове на заканчэнне пробашч парафіі падзякаваў біскупу за наведванне парафіі і ўдзяленне сакрамэнту, а групе канфірмаваных нагадаў, што з прыняццем гэтага сакрамэнту духоўнае развіццё не спыняецца, а наадварот, толькі пачынаецца вясна веры.