Пошук

09.05.2019 11:25   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Catholic.by

8 мая ў Шчучыне завяршыліся 26-я Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. У форуме, які праходзіў пад дэвізам «Па прыкладу Марыі буду служыць Пану», узялі ўдзел больш за тысячу юнакоў і дзяўчат з розных парафій Гродзеншчыны, прадстаўнікі іншых дыяцэзій і студэнты з-за мяжы.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, у другі дзень Дыяцэзіяльных дзён моладзі ўдзельнікі сустрэчы падчас марыйнага набажэнства прысвяцілі сваё жыццё Беззаганнай Марыі.

Маладыя людзі разам памаліліся Ружанец і ў гэтай прыгожай марыйнай малітве даручылі Богу праз рукі Багародзіцы сваё жыццё, а таксама сваіх родных і блізкіх, сяброў і аднагодкаў.

Юнакі і дзяўчаты прынялі намер служыць Пану Богу, як рабіла гэта Беззаганная Маці Божая, каб па Яе прыкладу кожны дзень знаходзіць радасць у хрысціянскім служэнні, цалкам прысвячаючы сябе нябеснай Маці.

Усе разам далі абяцанне, што кожны дзень будуць маліцца прынамсі адну таямніцу Ружанца і штодзень прысвячаць невялічкую ахвяру за грэшнікаў.

Моладзь дала абяцанне не паліць цыгарэты, не ўжываць алкаголь і іншыя сродкі, якія шкодзяць чалавеку, каб сваім прыкладам жыцця заахвочваць іншых да стрыманасці і сціпласці. Яны прасілі, каб Найсвяцейшая Маці прыняла іх пастановы і дапамагала ім заўсёды весці жыццё, годнае Божых дзяцей.

Усім удзельнікам сустрэчы святары раздалі цудоўныя медальёны Беззаганнай Марыі, якія благаславіў біскуп Юзаф Станеўскі, адказны ў епіскапаце Беларусі за душпастырства моладзі. На вернае служэнне і адважную барацьбу з сіламі цемры і злога духа моладзь атрымала яго пастырскае благаслаўленне.

У апошні дзень сустрэчы ўдзельнікі Дыяцэзіяльных дзён моладзі сабраліся на св. Імшы, падчас якой дзякавалі Богу за цудоўны дар маладосці, за скарб веры, які атрымалі ў дар ад папярэдніх пакаленняў, за ласку святога хросту, якая ўключыла iх раз і назаўсёды ў супольнасць Хрыстовага Касцёла.

Заключную цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі пастыр нагадаў словы дэвізу сёлетняй сустрэчы і адзначыў, што Найсвяцейшая Панна Марыя ўсім сваім жыццём служыла і пакінула ўсім пакаленням вернікаў гэты прыгожы прыклад служэння.

«Сучасны чалавек не хоча нікому служыць: ні іншым людзям, ні Пану Богу. Як калісьці на досвітку гісторыі адзін з анёлаў узбунтаваўся супраць Бога і сказаў: „Не буду служыць!“ — так часта і чалавек у сваёй пысе і асляпленні адварочваецца ад Бога і не хоча спаўняць Яго волі», — канстатаваў біскуп.

Каб заахвоціць моладзь не баяцца служэння, ён падкрэсліў, што

«Бог жадае нашага сапраўднага шчасця больш, чым жадаем яго мы самі, і калі нам штосьці забараняе ці чагосьці не дазваляе, то робіць гэта толькі таму, што нас любіць і ведае, што не ўсё служыць нашаму праўдзіваму дабру».

Іерарх дадаў, што вартае жалю жыццё чалавека, які забываецца пра айцоўскую любоў Бога, гэтай любові не давярае або пагарджае ёю. Такі чалавек ніколі не будзе шчаслівы.

На заканчэнне Эўхарыстыі былі выказаны словы падзякі ўсім тым, хто паспрыяў арганізацыі гэтага свята маладосці, якое з’яднала так шмат юнакоў і дзяўчат людзей у супольным праслаўленні Пана Бога.

   

Арганізатары і ўдзельнікі Дыяцэзіяльных дзён моладзі спадзяюцца, што гэты форум моладзі прынясе благаслаўлёны плён у далейшым жыцці юнакоў і дзяўчат, паспрыяе іх хрысціянскаму сталенню і дапаможа ў рэалізацыі жыццёвага паклікання і служэння Богу і бліжняму па прыкладу Марыі.

Абноўлена 09.05.2019 12:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця