Увечары 7 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшло чуванне моладзі з некалькіх парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
На маёвае чуванне перад цудатворным абразом Багародзіцы сабраліся моладзь і падлеткі з Будслава, Вілейкі, Мінска (парафія Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы), Свіры, Канстанцінава і іншых парафій Міншчыны.
Юнакі і дзяўчаты правялі гэты вечар у супольнай малітве, разважаючы над прыкладам Марыі і просячы Яе матчынай падтрымкі і дапамогі ў распазнанні паклікання і ў рэалізацыі сваіх жыццёвых заданняў.
Чуванне распачалося з супольнай вячэры, прыгатаванай у парафіяльным доме гасціннымі будслаўскімі вернікамі, пасля чаго моладзь наведала Нацыянальны санктуарый з цікавай экскурсіяй, якую правёў для яе па святыні пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік. Працягнуўся вечар невялікай забаўляльнай праграмай, падчас якой юнакі і дзяўчаты з розных парафій хутка пазнаёміліся паміж сабой.
Зноў сабраўшыся ў базыліцы, яны засяродзіліся на кароткім духоўным разважанні на тэму паклікання і ў ціхім сузіранні позірку Марыі, які лагоднай матчынай цеплынёй сагрэў іх сэрцы ў халодным касцёле. У цішыні святыні кожны імкнуўся адкрыць сваё сумленне Божаму святлу, каб шчыра прыступіць да сакрамэнту пакаяння ў месцы, якое Марыя назвала надзейным прытулкам для грэшнікаў, якія каюцца.
Апоўначы ў санктуарыі распачалася св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа з Вілейкі кс. канонік Аляксандр Барыла.
У прамоўленай гаміліі пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік, які ў свой час быў адказным за арганізацыю пілігрымак, падзяліўся з моладдзю досведам духоўнага адраджэння, які дае плённы ўдзел у малітоўнай вандроўцы да святых мясцін, такіх, як Будслаў.
Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі чування сагрэліся цёплым булёнам і гарачай гарбатай у гасцінным парафіяльным доме, дзе іх зноў частавалі будслаўскія аднагодкі, а праз гадзіну зноў былі ў святыні, дзе мелі магчымасць у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту шчыра паразмаўляць з Езусам. За адарацыяй была ружанцовая малітва, і потым юнакі і дзяўчаты зноў сабралася на каву, за якой дзяліліся ўражаннямі і абменьваліся думкамі.
Завяршылася чуванне Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, пасля чаго, крыху стомленыя, але духоўна ўмацаваныя, удзельнікі чування раз’ехаліся па дамах.
Многія з юнакоў і дзяўчат упершыню былі ў Будславе не падчас фэсту, калі ў санктуарыі няма такой вялікай колькасці людзей, але затое ёсць магчымасць пабыць у цішыні разам з нябеснай Матуляй і Яе Боскім Сынам. Тыя, хто перажыў гэтыя непаўторныя гадзіны, раяць сваім аднагодкам не вагаючыся ехаць у Будслаў за духоўнай моцай і дапамогай у вырашэнні любых жыццёвых праблем.
Маці Божая Будслаўская чакае заўсёды!