У ноч з 27 на 28 красавіка невядомыя вандалы пашкодзілі агароджу на магіле кс. Леаніда Несцюка, былога пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, пахаванага на прыкасцёльным цвінтары каля адноўленай ім святыні.
Пра здзейснены на магіле спачылага святара акт вандалізму паведаміў сайт газеты «Астравецкая праўда».
Аўтар артыкула Ніна Рыбік згадвае спачылага ксяндза Леаніда цёплым словам, апавядаючы, што намаганнямі гэтага руплівага пастыра касцёл у Гервятах заззяў прыгажосцю, якая вабіць вернікаў і турыстаў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Яна таксама дае жорсткую ацэнку таму, што цяпер адбылося на магіле святара, якога так моцна любілі і паважалі не толькі яго парафіяне, але практычна ўсе, хто яго ведаў:
«Гэта не проста акт вандалізму <…> Гэта нешта большае — нож у сэрца ўсім, хто ведаў ксяндза Леаніда; плявок у душу ўсім астраўчанам, незалежна ад іх веравызнання».
Як слушна заўважае карэспандэнт «Астравецкай праўды», падобныя дзеянні на месцы пахавання — гэта не толькі знявага памяці памерлых, але і абраза тых, хто з пашанаю захоўвае памяць пра іх.
Падобную рэакцыю выклікаў у многіх людзей таксама знос крыжоў у Курапатах, супраць якога рашуча выказаўся кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.