Пошук

19.04.2019 00:24   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У Вялікі чацвер увечары ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася св. Імша Вячэры Пана, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Напачатку сабраных у святыні шматлікіх вернікаў прывітаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Іерарх заахвоціў іх глыбей засяродзіцца на значэнні Эўхарыстыі ў жыцці хрысціяніна і належным чынам перажыць таямніцу ўстанаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту алтара.

Вялікі чацвер — гэта дзень, калі Касцёл у літургіі ўзгадвае Апошнюю вячэру Хрыста з Ягонымі вучнямі, падчас якой Ён абмыў ім ногі і, падаўшы ім хлеб і віно, наказаў і надалей рабіць гэта ў памяць пра Яго.

Такім чынам быў устаноўлены сакрамэнт Эўхарыстыі, у якім хлеб і віно перамяняюцца ў Цела і Кроў Збаўцы, прынесеные Ім у ахвяру на Крыжы.

На пачатку св. Імшы Вячэры Пана адбыўся абрад абмыцця ног. Біскуп Юрый Касабуцкі разам з пробашчам мінскай катэдральнай парафіі кс. канонікам Антоніем Клімантовічам абмылі ногі дванаццаці выбраным сярод вернікаў мужчынам.

У прамоўленым Божым слове іерарх паўней раскрыў сэнс таго, што ўчыніў Езус Хрыстус, абмываючы ногі апосталам.

«Абмыццё ног вучням было пакорным сведчаннем самаахвярнай любові Хрыста да братоў і Яго поўнай паслухмянасці волі Айца. Найвышэйшаю праяваю гэтай любові стала крыжовая ахвяра Збаўцы, якая актуалізуецца кожны раз падчас святой Імшы, калі хлеб і віно ў руках святара зноў становяцца сапраўднымі Целам і Крывёю Хрыста», — сказаў біскуп Юрый Касабуцкі.

Імша Вячэры Пана — гэта не толькі ўспамін устанаўлення Эўхарыстыі, але таксама пачатак святога Пасхальнага Трыдуума, калі Касцёл нанава перажывае здраду, арышт, муку і смерць свайго Пана, якія папярэднічалі Яго хвалебнаму Уваскрасенню. Таму падчас гэтай Імшы змоўклі арганы і званы, а Эўхарыстычнае Цела Хрыста было перанесена ў сімвалічную цямніцу. У цішыні вернікі кленчылі перад ёю, каб ушанаваць жывога Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа