З 8 па 10 сакавіка ў кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса ў Брэсце прайшлі велікапосныя рэкалекцыі для моладзі пад назвай «Тактыка дзеяння Бога ў жыцці чалавека».
Праграма рэкалекцый была даволі насычанай і ўключала штодзённы ўдзел у святой Імшы, споведзь, асабістыя і супольныя малітвы, Крыжовы шлях, прагляд фільмаў і разважанне над тэкстамі Святога Пісання.
Тэматычныя канферэнцыі на аснове біяграфіі св. Тэрэзы Авільскай праводзіў а. Генрых Валэйка OCD з Мядзеля.
У атмасферы поўнай цішыні і засяроджанасці ўдзельнікі мелі магчымасць духоўна аднавіцца і паглыбіць свае асабістыя зносіны з Езусам.
Якім чынам Бог дзейнічае ў жыцці чалавека? На гэтае пытанне моладзь магла знайсці адказ, прааналізаваўшы не толькі жыццёвы шлях св. Тэрэзы Авільскай, але і шматлікіх герояў Старога Запавету. Гэта гісторыі сына Якуба Юзафа, Майсея, каралевы Эстэры і іншых.
Розныя думкі выклікаў таксама прагляд фільма «Востраў» Паўла Лунгіна. Імі ўдзельнікі падзяліліся ў апошні дзень рэкалекцый.
Бог па-рознаму дзейнічаў у жыцці св. Тэрэзы і старазапаветных герояў: праз іншых людзей, крызісныя сітуацыі, перашкоды, выпрабаванні, поспех, цуды і шматлікія дары… Яго тактыка, як было заўважана,таксама можа праяўляцца і ў нашым жыцці. Але важна ніколі не губляць даверу да Бога, памятаючы, што ў Яго свае планы, якія неабходна пазнаць і прыняць.