«А што сапраўды мяне непакоіць?..» — рэкалекцыі пад такой назвай прайшлі ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску з 15 па 17 лютага. На працягу трох дзён удзельнікі стараліся аднавіць свае адносіны з Богам.
Сабраныя спрабавалі паглядзець на прычыны свайго непакою разам з Богам, каб акунуць уласныя клопаты ў Сэрца, прабітае дзеля нас на крыжы.
Супольная малітва, канферэнцыі, індывідуальная праца, духоўныя размовы, праслаўленне Пана падчас адарацыі і проста час, праведзены разам, спрыялі сустрэчы з жывым Богам.
Удзельнікамі рэкалекцый былі людзі, якія знаходзяцца на розных этапах зямной пілігрымкі: рознага ўзросту, розных прафесій, з розным пакліканнем і жыццёвым досведам. Дзякуючы такой разнастайнасці яны стварылі багатую супольнасць на ўзор Касцёла, у якім ёсць месца для кожнага і дзе кожны можа адкрываць сваю каштоўнасць, а таксама служыць сваім братам і сёстрам.
У гэтыя дні сабраным спадарожнічала св. Уршуля Ледухоўская, заснавальніца Кангрэгацыі сясцёр уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. Удзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй яе жыцця і атрымаць ад яе некалькі добрых парадаў наконт зямнога непакою.
Напрыканцы рэкалекцый кожны з прысутных мог падзяліцца з іншымі сваім сведчаннем.
Гэта быў адзін з найлепшых момантаў, калі яны ўбачылі, як Бог вядзе барацьбу за збаўленне кожнага чалавека. Сведчанні нарадзілі ў сэрцах удзельнікаў надзею і ўдзячнасць Богу.