Пошук

19.02.2019 08:51   Паводле: кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by / Catholic.by

Чэмпіянат Еўропы сярод каталіцкіх святароў па міні-футболе ў 2019 годзе пройдзе ў Ульцыне ў Чарнагорыі з 25 лютага па 1 сакавіка. У спаборніцтве, якое адбудзецца ўжо ў 13-ы раз, прымуць удзел больш за 250 святароў з 17-і каманд.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by, Беларусь на чэмпіянаце прадставяць святары з Гродзенскай дыяцэзіі. У пашыраны склад каманды ўвойдуць 15 чалавек.

Зборная Беларусі трапіла ў групу «B» разам з камандамі з Партугаліі, Босніі і Чарнагорыі.

«Кожны год мы выязджаем з добрым намерам і жаданнем заняць як мага больш высокія месцы», — кажа кс. канонік Павел Салабуда, капітан каманды i адказны за зборную.

Па яго словах, як і ў мінулыя гады, пачынаючы з верасня, у святароў кожны тыдзень былі трэніроўкі, якія праходзілі пад кіраўніцтвам прафесійнага трэнерa — Андрэя Багдзевіча, кіраўніка клуба па міні-футболе «Лідсельмаш». Аднак, нягледзячы на добрую спартовую форму нашых удзельнікаў, многае залежыць ад жараб’ёўкі каманд.

«У гэтым годзе нам не пашанцавала з жараб’ёўкай, бо ў нашай групе Партугалія, Боснія і Чарнагорыя, — патлумачыў кс. Павел Салабуда. — Партугалія і Боснія сем гадоў заўсёды даходзяць да фіналу або паўфіналу, гэта моцныя каманды, але і Чарнагорыя — гаспадар сустрэчы, які, напэўна, збярэ ў сваёй краіне найлепшых гульцоў, а таксама будзе мець шмат балельшчыкаў».

Па словах капітана, з групы далей выходзяць толькі дзве каманды, а гэта можа быць цяжка. «Але мы не губляем надзеі і хочам у гэтым годзе таксама выступіць як найлепш. Мы гатовыя!» — дадаў ён.

Таксама, як адначыў кс. Павел, гэта важная братэрская сустрэча са святарамі ўсёй Еўропы, дзе можна падзяліцца досведам штодзённага служэння ў сваёй краіне і ўсталяваць новыя кантакты.

Вынікі выступленняў беларускіх святароў на чэмпіянатах Еўропы:

2011 год, Польшча — 13-е месца
2012 год, Венгрыя — 8-е месца
2013 год, Славенія — 9-е месца
2014 год, Беларусь — 4-е месца
2015 год, Аўстрыя — 10-е месца
2016 год, Славакія — 6-е месца
2017 год, Харватыя — 15-е месца
2018 год, Італія — 10-е месца.

Абноўлена 19.02.2019 08:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця