9 лютага у Генеральным доме сясцёр ад Анёлаў (Польшча) адбылася Міжнародная канферэнцыя на тэму «Арцыбіскуп Ключынскі. Напярэдадні беатыфікацыйнага працэсу».
У навуковым сімпозіуме, які праходзіў у 102-ю гадавіну смерці заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр ад Анёлаў, арцыбіскупа Магілёўскага Слугі Божага Вінцэнта Ключынскага, узяў удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Менавіта на тэрыторыі сучаснай Віцебскай дыяцэзіі, у Шаркаўшчыне 30 верасня 1847 г. нарадзіўся Слуга Божы Вінцэнт Ключынскі.
На канферэнцыі, у якой бралі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, прагучала шэсць дакладаў.
У іх закраналіся розныя аспекты жыцця і дзейнасці арцыбіскупа Ключынскага, а таксама заснаванай ім Кангрэгацыі сясцёр ад Анёлаў.
Даследчыца з Віцебска кандыдат гістарычных навук Кацярына Лаўрыненка пазнаёміла прысутных з гісторыяй парафіі ў Новым Пагосце, у якой нарадзіўся і быў ахрышчаны Вінцэнт Ключынскі. У сваім дакладзе яна таксама закранула пэўныя аспекты гісторыі Шаркаўшчыны ў часы яго дзяцінства.
Напрыканцы канферэнцыі быў паказаны фільм пра жыццё і дзейнасць Слугі Божага арцыбіскупа Вінцэнта Ключынскага.
Падобныя канферэнцыі праводзяцца Кангрэгацыяй сясцёр ад Анёлаў вось ужо на працягу 19 гадоў.
Варта адзначыць, што кожны раз у іх бяруць удзел прадстаўнікі роду Ключынскіх, якія захоўваюць памяць пра свайго знакамітага сваяка, збіраючы звесткі пра ягонае жыццё і дзейнасць. Падчас канферэнцыі прадстаўнікі сям’і Ключынскіх распавялі пра прынятую імі пастанову: штодзённа маліцца ў інтэнцыі хучэйшай беатыфікацыі Слугі Божага.
Падчас канферэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага арцыбіскупа Вінцэнта Ключынскага. У гаміліі іерарх засяродзіўся на найбольш цяжкіх момантах дзейнасці Магілёўскага арцыпастыра, з якімі той сустрэўся ў жыцці і ў служэнні.
Напрыканцы св. Імшы вернікі маглі ўшанаваць вельмі важную для Кангрэгацыі сясцёр ад Анёлаў рэліквію: крыж, падараваны Слугой Божым Вінцэнтам Ключынскім сёстрам у дзень заснавання супольнасці 31 сакавіка 1889 г.
Слуга Божы Вінцэнт Ключынскі нарадзіўся 30 верасня 1847 г. у Шаркаўшчыне. Быў старэйшым з трох сыноў гміннага пісара Адольфа Ключынскага і Францішкі з Корсакаў. У 1865 г. паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, а праз два гады быў скіраваны ў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. 23 кастрычніка 1871 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, працяглы час працаваў выкладчыкам Віленскай семінарыі. У 1889 г. ініцыяваў заснаванне Кангрэгацыі сясцёр ад Анёлаў, а ў 1910 г. стаў арцыбіскупам Магілёўскім. Спазнаў пераслед з боку царскіх уладаў за сваю дзейнасць і ў 1914 г. быў вымушаны пакінуць кафедру. Апошнія гады свайго жыцця правёў у Крыме, фактычна на выгнанні, дзе і памёр 23 лютага 1917 г. Быў пахаваны ў крыпце касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй св. Альжбеты ў Санкт-Пецярбургу, аднак у 1927 г. ягоныя парэшткі былі перанесены ў катэдральны касцёл у Вільні.
Біскуп Уладзіслаў Блін, першы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі, па просьбе Кангрэгацыі сясцёр ад Анёлаў ініцыяваў распачацце беатыфікацыйнага працэсу арцыбіскупа Вінцэнта Ключынскага, аднак на пэўны час справа была прыпынена. Працэс працягнуўся дзякуючы намаганням біскупа Алега Буткевіча: утворана Гістарычная камісія, пастулатарам працэсу прызначана доктар кананічнага права Алена Бысь з Украіны.