Пошук

18.02.2019 15:57   Уладзіслаў Валаховіч / Catholic.by

15 лютага ў Магілёве па ініцыятыве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» прайшоў круглы стол «Факультатыў аб асновах сямейнага жыцця і сучасныя пагрозы інстытуту сям’і».

У круглым стале ўзялі ўдзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, прадстаўнікі Праваслаўнай і Грэка-Каталіцкай Цэркваў, Лютэранскай абшчыны, супрацоўнікі аддзела адукацыі Магілёўскага гарвыканкама, прадстаўнікі грамадскіх і рэлігійных арганізацый, СМІ.

22 студзеня была апублікавана вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Асновы сямейнага жыцця для навучэнцаў 9-11-х класаў».

Удзельнікі круглага стала ў цэлым пазітыўна ацанілі гэтую праграму, бо яе мэты і задачы накіраваныя на тое, каб умацоўваць сужэнства і сям’ю, фарміраваць пазітыўны вобраз сям’і і бацькоўства з улікам культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў сваім слове адзначыў: «Мы, хрысціяне, не можам знаходзіцца дзесьці ўбаку альбо маўчаць на тэмы, якія датычацца выхавання і адукацыі дзяцей і моладзі, таму што менавіта яны з’яўляюцца надзеяй нашага грамадства і нашых хрысціянскіх супольнасцяў».

Па словах іерарха, ідэя стварэння Міністэрствам адукацыі для вучняў 9, 10 і 11 класаў факультатыва аб асновах сямейнага жыцця «сама па сабе добрая, дарэчная і своечасовая».

«У ліку заяўленых мэтаў і задач праграмы гэтага факультатыва ідзе гаворка пра тое, каб спрыяць фарміраванню каштоўнасных адносін да інстытуту шлюбу і сям’і, да пазітыўнага вобразу і паважлівага стаўлення да сям’і, прадставіць яе духоўныя каштоўнасці, закрануць тэму бацькоўства.

Такія пастулаты вітаюцца і падтрымліваюцца Рыма-Каталіцкім Касцёлам, як і любой іншай хрысціянскай канфесіяй», — сказаў біскуп.

Аднак, дадаў ён, «нароўні з настолькі пазітыўнымі мэтамі і задачамі ў дадзенай праграме, для яе рэалізацыі выкарыстоўваюцца чужыя беларускай традыцыйнай культуры элементы, якія хаваюцца за словамі “гендарны”, “гендарная сацыялізацыя”, “гендарныя ролі”, “гендарныя стэрэатыпы”, “рэпрадуктыўны”, “шлюбны партнёр”, няправільнае выкарыстанне паняцця “планаванне сям’і”, а таксама падзел на “традыцыйную” і “сучасную” сям’ю».

«Як іерарх Каталіцкага Касцёла выказваю сваю глыбокую заклапочанасць распаўсюджваннем гендарнай ідэалогіі ў адукацыі моладзі беларускага грамадства, таму што яна вядзе да разбурэння традыцыйнай сям’і з яе асноў, з фундамента.

Праграма факультатыва паказвае, што прыхільнікі гендарнай ідэалогіі імкнуцца да ўвядзення ў беларускіх школах маральна скажонага паняцца пра шлюб, сям’ю і сексуальнае выхаванне моладзі, негледзячы на тое, што дзяржаўныя ўлады нашай краіны шматразова выказваліся ў падтрымку маральных і гісторыка-культурных хрысціянскіх каштоўнасцяў нашага народа, у тым ліку адносна сям’і, адукацыі і выхаванню дзяцей і моладзі», — падкрэсліў біскуп.

Па яго словах, «сённяшняя моладзь і дзеці гатовы адкрыцца на дабро, на глыбокія і праўдзівыя каштоўнасці»; «маладыя шукаюць праўды, і рэлігія — першапачатковая яе крыніца».

«Перажываючы шматлікія трагедыі ў нашым грамадстве, такія, як апошняе здарэнне ў Стаўбцах, (...) бачна, што дзеці і моладзь патрабуюць і ў школах сведчання пра Бога, які ў Езусе Хрысце паказаў сваю любоў да чалавека. Езус Хрыстус даў нам прыклад таго, як гэта рабіць», — заўважыў іерарх.

Біскуп нагадаў, што «школа, пасля сям’і, акрамя перадачы ведаў, павінна прывіваць маладому пакаленню каштоўнасці, удасканальваць яго маральнае жыццё, а таксама выхоўваць на сумленных грамадзян».

«У школе выкладаюцца розныя прадметы, і, безумоўна, усе яны важныя. Навука рэлігіі па сваім значэнні не саступае ніводнаму з іх, а нават, асмелюся сцвярджаць, з’яўляецца больш важнай за ўсе школьныя прадметы, разам узятыя, таму што навучае таму, як быць чалавекам сумленным, як прабачаць, як дапамагаць іншым, як любіць Бога і бліжняга. Школа дае веды, а рэлігійнае навучанне — сапраўдную жыццёвую мудрасць», — адзначыў іерарх.

Ён дадаў, што «вялікі педагог і настаўнік святы Ян Боско, які выхаваў такую колькасць моладых людзеў у святасці, засноўваў сваю выхаваўчую дзейнасць на трох калонах выхавання: на рэлігіі, розуме і любові, — так званай прэвентыўнай сістэме выхавання».

Прадстаўнікі дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Іван Пузанаў і Уладзіслаў Валаховіч звярнулі ўвагу на тое, што разам з пазітыўнымі мэтай і задачамі ў праграме факультатыва «Асновы сямейнага жыцця» важнае месца занялі глыбока чужыя беларускай культуры элементы. Гаворка ідзе аб паняццях «гендарныя ролі», «гендарныя стэрэатыпы», «рэпрадуктыўны», «планаванне сям’і», «партнёр».

Гэтыя тэрміны ў сучасным свеце адлюстроўваюць у асноўным светапогляд так званай «ЛГБТ-супольнасці», а таксама прыхільнікаў абортаў і кантрацэпцыі як метадаў кантролю над нараджальнасцю. Такі светапогляд прасоўваюць ААН і іншыя глабальныя фонды, а таксама недзяржаўныя арганізацыі, якія фінансуюцца імі, і адбываецца гэта ў тым ліку праз праграмы сексуальнай адукацыі.

Як адзначыла псіхатэрапеўт сястра Вікторыя Чакан, сыход дзяцей і падлеткаў у лічбавую прастору ўжо сёння ўскладняе любыя выхаваўчыя працэсы, таму ў такой важнай сферы, як падрыхтоўка да сямейнага жыцця, як ніколі важнымі з’яўляюцца выразныя і зразумелыя паняцці.

У сувязі з гэтым удзельнікі круглага стала прапанавалі выкарыстоўваць у праграме «Асновы сямейнага жыцця» выключна зразумелыя ўсім традыцыйныя адназначныя паняцці: мужчыны і жанчыны, муж і жонка, дзетараджэнне і гэтак далей.

Выкладчыкі дадзенага прадмета павінны быць арыентаваны на традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, цнатлівасць да шлюбу, вернасць у шлюбе, шматдзетнасць. У адваротным выпадку лепш, каб гэты прадмет не выкладаўся ўвогуле.

Таксама ўдзельнікамі круглага стала было прапанавана прыцягваць прадстаўнікоў традыцыйных канфесій і патрыятычных грамадскіх арганізацый да падрыхтоўкі падобных праграм, а таксама літаратуры і выкладчыкаў для іх.

Па выніках круглага стала была прынята рэзалюцыя, якая будзе накіравана Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Міністру адукацыі, членам Савета міністраў, старшыням камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа