Пошук

13.02.2019 11:39   Паводле: Зміцер Лупач / Сatholicnews.by / Фота: Марына Сінкевіч / Сatholicnews.by

Пахаванне адбылося ў аўторак 12 лютага ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы Браслаўскага дэканату (Віцебская дыяцэзія), дзе спачылы святар служыў пробашчам больш за шаснаццаць гадоў.

Ксёндз Казімір Акушка адышоў да Пана ў суботу 9 лютага, не дажыўшы некалькі месяцаў да свайго шасцідзесяцігоддзя.

Як паведамляе анлайн-версія газеты Віцебскай дыяцэзіі «Каталіцкі Веснік» Сatholicnews.by, на пахаванне сабраліся амаль усе святары з Віцебскай дыяцэзіі, а таксама духавенства і вернікі з іншых дыяцэзій Беларусі.

Развітацца з ксяндзом Казімірам прыляцеў з Іркуцка (Расія) біскуп Кірыл Клімовіч, які ў свой час разам з ксяндзом Казімірам працаваў на Глыбоччыне.

Цэлебрацыю пахавальнай св. Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Напачатку ён нагадаў, што спачылы амаль 28 гадоў служыў пры алтары.

Геаграфія яго святарскага служэння была даволі шырокая: Варапаева, Празарокі, Мёры, Дзісна, Новы Пагост, Плюсы…

Іерарх выказаў удзячнасць дэлегацыі вернікаў з Гудагая Гродзенскай дыяцэзіі — малой радзімы ксяндза Казіміра.

У сваім слове да вернікаў біскуп звярнуў увагу на тое, што прызначэнне чалавека — гэта не магіла, а жыццё вечнае з Езусам Хрыстом. Акрамя таго, іерарх заклікаў вернікаў берагчы сваіх святароў.

«Зараз я не магу адназначна адказаць вам, ці будзе ў вас свой святар. Неабходна прасіць аб гэтым у малітве». Прычына такой нявызначанасці — змяншэнне колькасці пакліканняў, таму так важна маліць Бога, каб Ён паслаў новых працаўнікоў на сваё жніво.

Пасля Імшы труну з целам ксяндза Казіміра Акушкі святары на плячах вынеслі з касцёла, дзе ён шмат гадоў стаяў пры алтары, да месца пахавання на прыкасцёльным цвінтары.

Цяпер яго магіла знаходзіцца побач з пахаваннем аднаго з папярэднікаў, пробашча з Плюсаў, які памёр амаль сто гадоў таму, у 1920 годзе.

Фотарэпартаж з пахавання ТУТ>>>

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.