Пошук

11.02.2019 15:15   Catholic.by

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Злева направа: біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Алег Буткевіч, біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Антоній Дзям’янка, біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Злева направа: біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Алег Буткевіч, біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Антоній Дзям’янка, біскуп Аляксандр Яшэўскі.

20 гадоў таму, 11 лютага 1999 г., адбыўся ўстаноўчы сход Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У першы склад ККББ уваходзілі арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і яго дапаможны біскуп Антоні Дзям’янка.

Стварэнне гэтай структуры стала магчымым дзякуючы таму, што напрыканцы 1998 года ў Гродне атрымаў біскупскае пасвячэнне Антоні Дзям’янка, які стаў трэцім іерархам на тэрыторыі Беларусі.

З’яўленне Канферэнцыі Біскупаў стала выразным знакам сапраўднага адраджэння Касцёла ў нашай краіне і ўмацавання яго структуры, практычна знішчанай у выніку атэістычнага пераследу ў савецкія часы.

Першым старшынёй новастворанага беларускага епіскапату стаў першы кардынал у сучаснай гісторыі Беларусі Казімір Свёнтэк — непахісны сведка веры, чалавек, які на сваіх уласных плячах мужна пранёс крыж пераследу і ганенняў.

Беларускія каталіцкія біскупы ў Рыме (2009 г.). У цэнтры — першы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк.
Беларускія каталіцкія біскупы ў Рыме (2009 г.). У цэнтры — першы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк.

Калі Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пачыналася толькі з трох іерархаў — мінімальнай колькасці, неабходнай для стварэння гэтай структуры, — то сёння ў яе склад уваходзяць ажно восем біскупаў. Гэта арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Пінскі Антонi Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Казiмiр Велікаселец і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Праца Канферэнцыі Біскупаў адбываецца ў калегіяльнай форме на пленарных пасяджэннях. Гэтыя пасяджэнні зазвычай праходзяць прынамсі двойчы на год, але з нейкіх важных прычынаў могуць быць скліканыя і ў надзвычайным парадку.

Разам з надзвычайнымі, на сёння Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі правяла ўжо 73 пленарныя пасяджэнні.

Як правіла, пасля кожнага пасяджэння — а яны праходзяць у закрытым рэжыме — з’яўляецца афіцыйнае паведамленне, якое друкуецца на нашым партале.

Святы арханёл Міхал — сімвал Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.
Святы арханёл Міхал — сімвал Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

Беларускі епіскапат мае свой зацверджаны Апостальскай Сталіцай статут. У ім замацаваны кірункі дзейнасці Канферэнцыі Біскупаў, яе склад, пастаянная рада, генеральны сакратарыят, а таксама арганізацыя пленарных пасяджэнняў. Паводле статуту, да пастаянных органаў Канферэнцыі Біскупаў адносяцца старшыня і яго намеснікі, якія выбіраюцца на акрэслены тэрмін; пастаянная рада, якая займаецца падрыхтоўкай пленарных пасяджэнняў, і генеральны сакратарыят, які мае заданне падрыхтоўкі дакументацыі пленарных пасяджэнняў, інфармуе аб прынятых епіскапатам пастановах суседнія Канферэнцыі Біскупаў і Апостальскую Сталіцу.

Пастаянная рада складаецца са старшыні канферэнцыі, яго намесніка і генеральнага сакратара.

З 2015 г. пасаду старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі займае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Яго намеснікам з’яўляецца біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а Генеральным сакратаром — біскуп Юзаф Станеўскі.

Пры беларускім епіскапаце дзейнічаюць наступныя камісіі: па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў (старшыня — біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB); Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў (старшыня — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевiч); камісія па справах духавенства (старшыня — бiскуп Юрый Касабуцкi); камісія па справах агульнага пастырства (старшыня — біскуп Антонi Дзям’янка); камісія па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы (старшыня — біскуп Аляксандр Яшэўскi SDB). Пры Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў дзейнічаюць дзве дапаможныя секцыі: па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла і секцыя касцёльнай музыкі, а пры камісіі па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы — асобная катэхетычная секцыя.

Акрамя таго, каталіцкія біскупы нашай краіны стварылі наступныя рады: па справах кантактаў з дзяржавай (старшыня — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевiч); па справах сям’і (старшыня — біскуп Антоні Дзям’янка); па сродках сацыяльнай камунікацыі (старшыня — біскуп Юрый Касабуцкi); па справах экуменізму (старшыня — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч); па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў (старшыня — біскуп Юзаф Станеўскi); па справах міграцыі, турызму і пілігрымак (старшыня — біскуп Аляксандр Кашкевiч); па справах цвярозасці (старшыня — біскуп Алег Буткевiч); па справах аховы культурнай спадчыны і асяроддзя (старшыня — біскуп Казімір Велікаселец); па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру (старшыня — біскуп Алег Буткевiч).

Беларускія каталіцкія біскупы на аўдыенцыі ў папы Францішка.
Беларускія каталіцкія біскупы на аўдыенцыі ў папы Францішка.

Назвы ўсіх гэтых структураў гавораць самі за сябе і не патрабуюць дадатковага тлумачэння. Яны сведчаць пра тое, наколькі ўсёабдымныя задачы стаяць сёння перад беларускім епіскапатам, які ў супрацоўніцтве са Святым Духам і ўсім верным народам мясцовага Касцёла ўжо на працягу дваццаці гадоў адважна, рашуча і адказна імкнецца даваць Хрыстовы адказ на ўсе найбольш важныя выклікі сучаснасці, каб несці і абвяшчаць добрую вестку Евангелля нашым суайчыннікам у ХХІ стагоддзі ад Нараджэння Збаўцы.

Абноўлена 11.02.2019 15:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця