Пошук

30.01.2019 15:13   с. Вера Гаспарэвіч / Catholic.by

29 студзеня адзначаўся літургічны ўспамін бл. Баляславы Марыі Лямэнт — апостала адзінства хрысціян і заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і.

Асаблівай харызмай гэтай манаскай сям’і з’яўляецца малітва, рэлігійна-выхаваўчая дзейнасць і апостальства дзеля дасягнення адзінства ўсіх хрысціянаў, асабліва праваслаўных і католікаў.

На святкаванні ўрачыстасці сваёй заснавальніцы ў Магілёве, горадзе, дзе ў 1905 г. была створана гэтая супольнасць, сабраліся сёстры з Баранавічаў на чале з дэлегаткай с. Паўлай Бобер, з Ашмян і Магілёва.

Урачыстую святую Імшу цэлебраваў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB разам з дэканам Магілёўскім і пробашчам катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. Віталем Маргуновым.

Звяртаючыся да прысутных на пачатку літургіі, біскуп сказаў:

«Жадаю сёння асаблівым чынам дзякаваць Богу за дар благаслаўлёнай Баляславы і за заснаванне ёю ў Магілёве сваёй манаскай Кангрэгацыі з мэтай аб’яднання католікаў і праваслаўных. Малюся сёння не толькі аб тым, каб жаданне благаслаўлёнай Баляславы стала рэчаіснасцю, але і аб тым, каб яе духоўным дочкам хапіла Божай ласкі і чалавечых сіл уцелаўляць жыццёвы шлях заснавальніцы ў штодзённае жыццё».

Сваёй малітвай іерарх ахапіў усіх сясцёр, якія служылі на гэтай зямлі, служаць цяпер, асабліва с. Веру Гаспарэвіч і с. Камілу Яновіч, а таксама тых, якія будуць служыць у будучыні.

У гаміліі біскуп, чэрпаючы натхненне з харызматычнай сутнасці Кангрэгацыі, а менавіта «клопату аб адзінстве хрысціянаў», разважаў над значэннем еднасці ў хрысціянскім жыцці.

Ён звярнуў увагу на тры аспекты, якімі характырызавалася жыццё бл. Баляславы Марыі Лямэнт:

«Па-першае, гэта жыццё, згоднае з Евангеллем Хрыстовым. Па-другое, постаць Божай слугі ў асобе Маці Баляславы, заўсёды гатовай выконваць Божую волю, вучыць і нас незалежна ад пары дня, незалежна ад нашага настрою, самаадчування і г.д., даць першынство Богу ў нашым жыцці, паставіць Яго справы па-над усім іншым і імкнуцца прыносіць славу Богу, а не самім сабе.

Па-трэцяе, гэта стварэнне ў нашым штодзённым жыцці шчырых адносін да нашых бліжніх, поўных сапраўднай хрысціянскай любові, бо калі мы адчуваем, што нехта любіць нас, як самога сябе, то нашае сэрца цягнецца да яго без унутранага супраціву, і такім чынам мы ствараем разам еднасць».

«Перажываючы сёння ўрачыстасць Маці Баляславы Лямэнт, папросім сёння для нас у Бога дар мудрасці, сілы, радасці, вернасці, трываласці і цярплівасці.

Няхай малітва бл. Баляславы будзе для нас дапамогай, каб рэалізаваць Божую волю ў нашым жыцці.

Наша штодзённая малітва няхай стане матывацыяй для нас, каб пакідаць уласныя планы і верна ісці за Езусам. Ісці да дзяцей і моладзі, да людзей, давераных нашаму апостальскаму служэнню і апецы, аб’ядноўваючыся ў чыненні ўсяго на хвалу Божую і дзеля збаўлення душаў», — пажадаў на заканчэнне іерарх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа