Пошук

21.01.2019 12:05   Таццяна Грамыка / Фота: Андрэй Белашоў / Catholic.by

20 студзеня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі 26 вернікаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Яго ўдзяліў падчас святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Як нагадаў арцыбіскуп у гаміліі, Езус перад сваім Унебаўшэсцем сказаў апосталам, што, калі яны атрымаюць Святога Духа, то атрымаюць Яго моц і будуць Яго сведкамі ў свеце.

«Сакрамэнты хросту і Эўхарыстыі „падключаюць“ сэрца чалавека да Бога і бліжняга, але не даюць адпаведнай моцы быць сведкамі Хрыста, — заўважыў іерарх. — Для гэтага патрэбны сакрамэнт канфірмацыі. Ён дазваляе выйсці да свету і з’яўляецца крыніцай патрэбнай для хрысціянскай дзейнасці энергіі».

Пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі дадаў, што пасля прыняцця дароў Духа Святога апосталы сталі здольнымі з моцай абвяшчаць укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста на вуліцах і плошчах Ерузалема, а іх словы набылі духоўную моц.

Таксама, адзначыў арцыбіскуп, апосталы дзякуючы Святому Духу не баяліся цярпенняў, якія іх чакалі, і мужна баранілі Хрыста, Касцёл і Евангелле.

«Сам чалавек бездапаможны перад абліччам зла, але пасля канфірмацыі атрымлівае новую боскую моц», — падкрэсліў іерарх.

Нагадваючы пра тое, што гэты сакрамэнт дае асаблівую ласку быць сведкамі хрысціянскай веры, арцыбіскуп патлумачыў: «У сучаснай рэчаіснасці гаворка ідзе пра неабходнасць адухаўлення асяроддзя, у якім мы знаходзімся. Святы Дух умацоўвае хрысціяніна, каб ён мужна вызнаваў сваю веру, бараніў яе і жыў згодна з ёю».

Па словах іерарха, канфірмаваны становіцца «жаўнерам Хрыста». Абавязак жаўнера — бараніць сваю айчыну; калі ж ён уцякае з лініі фронту, то яго лічаць здраднікам.

«Сакрамэнт канфірмацыі называецца сакрамэнтам сталага хрысціянства.

Касцёл хоча бачыць у нас сталых і моцных хрысціянаў, якія ўмеюць вызнаваць веру, бараніць яе і жыць паводле яе.

Калі мы гэтага не робім, то не можам называцца сапраўднымі хрысціянамі, бо тады з Хрыстом нас яднае не хрысціянскае жыццё, а толькі пасведчанне хросту. Гэтага занадта мала, бо мы становімся здраднікамі хрысціянства», — сказаў арцыбіскуп.

Ён пажадаў, каб Дух Святы, якога прынялі на гэтай Імшы вернікі ў сакрамэнце канфірмацыі, «у часы, калі многія пакланяюцца матэрыяльным каштоўнасцям і прыемнасцям, дапамог нам пакланяцца адзінаму Богу і жыць Ягонай праўдай, каб захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.