Пошук

19.01.2019 00:39   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

19 студзеня ў Праваслаўнай Царкве адзначаецца свята Хросту Пана, якое ў народзе завецца таксама Вадохрышчам. Як ставіцца верніку да традыцыі акунання ў гэты дзень?

З года на год гэтая традыцыя становіцца ў Беларусі ўсё больш папулярнай. На Вадохрышча апошнім часам акунаюцца і праваслаўныя, і католікі, і аматары «экстрыму», і тыя, хто такім чынам хоча загартаваць арганізм ад хваробаў.

У сувязі з гэтым праваслаўныя святары ўсё часцей сталі звяртаць увагу на небяспеку скажэння сапраўднага рэлігійнага значэння вялікага царкоўнага свята Хросту Пана.

Як паведаміў літаральна за некалькі дзён да Вадохрышча партал TUT.BY, сёлета ў Брэсце Царква нават адмовілася ад асвячэння традыцыйных купеляў — «ярданяў».

Старшыня Місіянерскага аддзела Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы святар Павел Юрчэня на епархіяльным сайце Ekklisia.by звяртае ўвагу на тое, што купанне на Вадохрышча не мае непасрэдных адносінаў да царкоўных звычаяў святкавання Хросту Пана, а з’яўляецца, хутчэй, часткай народных традыцый. На думку святара, для многіх людзей акунанне ў палонку — толькі «зімовая забава і выпрабаванне сваёй загартаванасці».

 

Разам з тым айцец Павел тлумачыць, што вытокі гэтага звычаю знаходзяцца ў традыцыі Ерузалемскай Царквы пад назваю «Хаджэнне на Ярдань». Там у IV ст. з’явіўся звычай хадзіць на раку для асвячэння вады і акунання на ўспамін Хросту Пана. З часам гэты абрад быў запазычаны і прыжыўся ў іншых Цэрквах.

«Усё залежыць ад нашых адносінаў да гэтай традыцыі», — лічыць праваслаўны святар.

Ён удакладняе, што Царква не забараняе акунання на свята Вадохрышча, калі чалавек здаровы і можа дазволіць сабе на хвалу Божую і на ўспамін Хросту Пана акунуцца ў сцюдзёную ваду.

«Разам з тым трэба разумець, што ў гэтым дзеянні няма месца для нецвярозых гулянак і розных забабонаў. Бо можна сустрэць меркаванне, што акунанне змывае грахі, ачышчае і аздараўляе чалавека на наступны год і г.д. Падобныя меркаванні супярэчаць царкоўнай свядомасці і пераварочваюць гістарычныя падставы гэтага звычаю на паганскія адносіны да яго», — перасцерагае а. Павел Юрчэня.

Праваслаўны святар а. Сергій Цвірко і кс. Казімір Жыліс падчас асвячэння вады на Вадохрышча на Юбілейным возеры ў Гродне. Фота ggau.by

Між тым у апошнія гады да праваслаўнай традыцыі акунання на Вадохрышча далучалася таксама нямала каталіцкіх вернікаў і нават духоўных асобаў. У Гродне каталіцкі святар разам з праваслаўным удзельнічае ў асвячэнні хрышчэнскай купелі — «ярдані».

Такім чынам, гэтая традыцыя мае і пазітыўны бок, бліжэй яднаючы ахрышчаных розных веравызнанняў — праваслаўных і католікаў.

А гэта — знак асаблівай Божай ласкі, бо канун Вадохрышча прыпадае акурат у першы дзень Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў.

Кс. канонік Францішак Рудзь
Кс. канонік Францішак Рудзь

Як лічыць даўні прыхільнік акунання на Вадохрышча кс. канонік Францішак Рудзь, пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску, чым больш хрысціянаў дзякуючы гэтай традыцыі змогуць пераадолець у сабе пэўны бар’ер страху і недаверу, тым лягчэй ім будзе пераадольваць бар’еры, якія сёння падзяляюць вызнаўцаў Хрыста.

Абноўлена 19.08.2019 19:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця