13 студзеня, у свята Хросту Пана, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі наведаў парафію св. Антонія ў Слуцку і парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах, каб разам з мясцовымі вернікамі дзякаваць Пану Богу за дар хросту.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што хрост — гэта не толькі дар Божы, які далучае нас да супольнасці хрысціянаў, але хрост — гэта таксама абавязак і заданне.
Кожны ахрышчаны, паводле біскупа, мае абавязак пазнаваць Пана Бога і заданне развіваць і ўмацоўваць сваю веру на працягу ўсяго жыцця.
Вера і хрост — гэта ўмова збаўлення чалавека. «Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны» (пар. Мц 16, 16), — кажа Божае Слова. Напрыканцы гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў да ўдзячнасці Добраму Богу за дар хросту і перапрашэння за нявернасць абяцанням, дадзеным падчас гэтага сакрамэнту.
Мясцовыя вернікі, удзельнікі супольнай малітвы з біскупам Юрыем, кажуць што гэтая сустрэча з іерархам напоўніла іх сэрцы радасцю, а пачутае слова ўмацавала веру, надзею і любоў.