5 студзеня ў касцёле св. Зыгмунта ў Баранавічах адбылася калядная сустрэча моладзі.
У сустрэчы прынялі ўдзел маладыя людзі не толькі з Пінскай дыяцэзіі, але і з суседніх дыяцэзій. Ксёндз Аляксандр Канановіч і мясцовыя маладыя парафіяне падрыхтавалі для ўдзельнікаў сустрэчы цікавую святочную духоўную праграму.
На сустрэчу быў запрошаны кс. Кірыл Бардонаў з Мінска, які праводзіў духоўныя настаўленні.
Маладыя людзі выказвалі ксяндзу Кірылу шчырыя словы ўдзячнасці за змястоўныя і цікавыя разважанні над актуальнымі праблемамі, з якімі сустракаецца сучасная моладзь.
Кульмінацыйным момантам сустрэчы стала супольная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Пастыр дыяцэзіі падзякаваў моладзі за сведчанне веры, а таксама выказаў словы ўдзячнасці і віншаванні са святам Божага Нараджэння прысутным на сустрэчы маладым людзям грэка-каталіцкага абраду і іх пастыру архімандрыту Сяргею Гаеку.
Біскуп Антоні звярнуў увагу сабраных на прысутных студэнтаў Пінскай вышэйшай духоўнай семінарыі і заахвоціў да нястомнай малітвы аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага служэння ў Касцёле.
Пасля супольнай Эўхарыстыі біскуп разам са святарамі і семінарыстамі падзяліўся з моладдзю каляднай аплаткай.