29 снежня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве прайшла аплаткавая сустрэча для медыкаў, настаўнікаў, выхаваўцаў і журналістаў.
Сустрэча стала ўжо пятай па ліку ў цыкле аплаткавых сустрэч біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, біскупскага вікарыя для Магілёва і Магілёўскай вобласці, з прадстаўнікамі розных прафесій, удзельнікамі малітоўных груп і рэлігійных рухаў у Магілёўскім рэгіёне.
Распачалася сустрэча супольным удзелам у святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх прадстаўнікоў вышэйзгаданых прафесій, каб яны «ў асабістым і прафесійным жыцці кіраваліся дарам сваёй хрысціянскай веры і былі сапраўднымі сведкамі на месцах свайго прафесійнага служэння».
Пасля Імшы адбылася аплаткавая сустрэча, у якой прынялі ўдзел таксама пробашч парафіі кс. Віталій Маргуноў і вікарый кс. Юзаф Сярпейка.