Пошук

21.12.2018 09:13   Паводле: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

20 снежня святары і кансэкраваныя асобы сабраліся ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку, каб супольна памаліцца і павіншаваць адно аднаго з надыходзячымі Калядамі.

Як паведамляе онлайн-версія газеты Віцебскай дыяцэзіі «Каталіцкі Веснік» Catholicnews.by, падчас адарацыі духавенства і кансэкраваныя асобы маглі ў цішыні прадставіць Езусу свае клопаты і парафіяльныя справы, а таксама скарыстаць з магчымасці споведзі.

Святую Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гэтай Эўхарыстыі пастыр мясцовага Касцёла асаблівым чынам маліўся аб тым, каб кожнае намаганне святароў і кансэкраваных асобаў прыносіла духоўную карысць людзям, а таксама ўмацоўвала іх асабістую сувязь з Богам.

Прамаўляючы Божае слова, біскуп Алег засяродзіў увагу на тэме Божай любові да кожнага чалавека, якой святары вучаць сваіх парафіянаў.

«Любоў Божая не меншая з-за таго, што я чалавек недасканалы і, можа, штосьці раблю не так, як павінен. Яна заўсёды аднолькавая — бязмежная, такая, што калісьці Божага Сына прывяла на крыж. <…>

Пастараемся сёння, дзелячыся аплаткай, абудзіць у сабе такое пачуцце да іншага чалавека, што гэта сапраўды мой брат, мой сябра; гэта той, каго любіць Бог, а таму і з майго боку павінна быць прынамсі прабачэнне і добразычлівасць да гэтага чалавека», — пажадаў іерарх.

 

Пасля св. Імшы адбылася кароткая сустрэча, падчас якой біскуп Алег шчыра прывітаў у Віцебскай дыяцэзіі новых працаўнікоў на ніве Пана: а. Алега Вайцяховіча OFMCap (Докшыцы), с. Марыю Пію Трапачову CR (Наваполацк) і с. Ігнацыю Чаеўскую MSF (Параф’янава), пажадаўшы ім плённага служэння ў парафіях, а канцлер кс. Віктар Місевіч пазнаёміў прысутных з запланаванымі падзеямі на надыходзячы 2019 год.

Пасля святары, законныя сёстры, журналісты і біскуп дзяліліся аплаткай і выказвалі адно аднаму шчырыя пажаданні.

Абноўлена 21.12.2018 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця