19 снежня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбылася аплаткавая сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Гродзенскай дыяцэзіі.
Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, сустрэча распачалася канферэнцыяй, з якой выступіў кс. Ян Сарэла, духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Святар падкрэсліў значэнне супольнасці, якую будуюць духавенства і кансэкраваныя асобы, утвараючы Касцёл на Гродзеншчыне.
Ад імя ўсіх святароў і кансэкраваных асобаў дыяцэзіі віншаванні прысутнаму на сустрэчы біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу выказаў кс. кан. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна. Святар адзначыў, што блізкія святы Божага Нараджэння — нагода для таго, каб адкрыць праўду, што Езус Хрыстус з’яўляецца Богам для нас.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў усяму духавенству і сёстрам дыяцэзіі за ахвярнае служэнне ў парафіяльных супольнасцях і за ўсе душпастырскія ініцыятывы.
«Дзякую вам за тое, што сваім штодзённым адданым служэннем вы ўзбагачаеце Касцёл на Гродзеншчыне», — дадаў іерарх.
Ён пажадаў, каб новы 2019 год Пана прынёс у жыцці кожнага святара і законнай сястры плён Божай ласкі, а запал і руплівасць працягвалі ўсім спадарожнічаць.