Пошук

19.12.2018 07:50   Тэкст: Вікторыя Русілевіч / «Лідская газета» / Фота: «Лідская газета» / Catholic.by

Эдвін і Вераніка Ненартовічы з Ліды стварылі сваю сям’ю зусім нядаўна, 24 лістапада, перад Адвэнтам. На вяселле замест традыцыйных кветак яны папрасілі гасцей дарыць ім… цацкі.

Як паведамляе «Лідская газета», родныя і сябры — а ўсяго на вяселлі было больш за 80 запрошаных — ахвотна адгукнуліся на гэтую незвычайную прапанову.

Сабраныя лялькі, машынкі, развіваючыя гульні, фарбаванкі, пазлы, канструктары і кнігі за тыдзень да Божага Нараджэння маладажоны перадалі ў міжраённае аддзяленне для дзяцей-інвалідаў і хворых з псіханеўралагічнымі захворваннямі Лідскага цэнтральнага раённага шпіталя.

«Дарыць кветкі на вяселле — гэта традыцыя. Людзі прыходзяць з букетамі, выдаючы на іх немалыя грошы: дзясяткі і нават сотні рублёў. Гэта, безумоўна, прыгожа, але ж ненадоўга, а таму — без сэнсу, бо ўжо праз тыдзень кветкі завянуць і пойдуць на сметнік.

Да таго ж, букет — гэта, пераважна, радасць толькі для адной асобы, для нявесты, а такі значны крок у сваім жыцці хацелася адзначыць добраю справаю, якая падаравала б радасць многім.

Таму яшчэ плануючы вяселле вырашылі адмовіцца ад традыцыйных букетаў і ў запрашэннях „постскрыптумам“ рэкамендавалі гасцям несці тое, што можна перадаць патрабуючым дзецям», — распавялі Эдвін і Вераніка.

Праўда, напачатку маладыя не вызначыліся, куды перадаць падарункі: ці ў Смаргонь, адкуль паходзіць Вераніка, ці ў Ліду — родны горад Эдвіна. Усе сумненні былі вырашаны ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў.

«На вяселле некаторыя госці, акрамя цацак, усё роўна прынеслі і кветкі, — з усмешкай кажа Вераніка. —

Усе букеты мы сабралі і прывезлі да Маці Божай у Тракелі на знак удзячнасці за нашае знаёмства. Так, з Эдвінам мы спаткаліся тут, у касцёле, падчас пілігрымкі ў 2017 годзе. Такое вось Божае благаслаўленне».

У Тракелях маладыя паразмаўлялі з кусташам санктуарыя кс. Юрыем Бяганскім, які адначасова з’яўляецца капэланам капліцы Маці Божай Люрдскай, размешчанай на тэрыторыі Лідскага ЦРШ. Так знайшоўся адказ на пытанне, куды перадаць сабраныя на вяселлі замест кветак падарункі: педыятрычнаму рэабілітацыйнаму аддзяленню.

«За чатыры гады існавання капліцы Эдвін і Вераніка, бадай што, ужо пятыя маладажоны, якія сваё асабістае свята, вяселле, адзначаюць, дорачы падарункі пацыентам лідскага шпіталя. Такія ўчынкі, безумоўна, з’яўляюцца цудоўным пачаткам новага жыцця», — кажа кс. Юрый Бяганскі.

Сёння ў міжраённым аддзяленні для дзяцей-інвалідаў і хворых з псіханеўралагічнымі захворваннямі Лідскага ЦРШ 28 пацыентаў.

«Станоўчыя эмоцыі уплываюць на ўнутраны стан арганізма, і мы вельмі стараемся радаваць дзетак як мага часцей. Таму такія святы можна лічыць адным з кампанентаў тэрапіі.

Вялікі дзякуй Эдвіну і Вераніцы за іх дабрыню і міласэрнасць. Іх учынак — важней за ўсялякія словы», — кажа загадчыца аддзялення доктар Ірына Панас.

Абноўлена 19.12.2018 08:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.