15 снежня ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля адбылася аплаткавая сустрэча навучэнцаў і выкладчыкаў з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім.
На пачатак сустрэчы сабраныя прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Юрый Касабуцкі ў капліцы пры Хрысціянскім сацыяльным цэнтры «Місіі добрага самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай».
У сваёй гаміліі іерарх звярнуў увагу навучэнцаў на важнасць сталага і сумленнага паглыблення ведаў для кожнага веруючага чалавека, каб мець магчымасць адказаць на тое важнае пытанне пра веру, якое нам могуць задаць. Вядома, што не ўсе з іх будуць весці катэхетычныя заняткі ў парафіях, але ў сваім асяроддзі змогуць растлумачыць людзям некаторыя рэчы. Біскуп адзначыў, што, «калі спытацца ў людзей, ці чулі яны імя Езус Хрыстус, то ўсе адкажуць “Так!”, але калі спытацца, хто гэта, то многія не змогуць адказаць, хто Ён і што зрабіў».
Пасля благаслаўлення аплатак і радаснага моманту дзялення імі, абмену пажаданнямі і цёплымі словамі ўдзячнасці навучэнцы другога курсу запрасілі ўсіх прысутных паглядзець батлейку — лялечнае прадстаўленне на распаўсюджаны ў даўнія часы сюжэт пра караля Ірада. Персанажы батлейкі яскрава прадэманстравалі важнасць правільнага выбару ў жыцці не толькі караля, але і кожнага чалавека, і катастрафічныя наступствы паслухмянасці падшэптам злога духа.
Салодкім і прыемным заканчэннем сустрэчы сталі прысмакі, спечаныя і прыгатаваныя самімі студэнтамі тэалагічнага каледжа. Да кожнага рэцэпта, несумненна, былі дададзеныя цеплыня і любоў, якія адчуваліся на смак і сталі цудоўным напамінам, што свята Божага Нараджэння зусім блізка.
На развітанне біскуп Юрый Касабуцкі падзякаваў за сустрэчу і благаславіў усіх прысутных.