Пошук

14.12.2018 11:36   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

Беларусь заняла 13-е месца ў рэйтынгу рэлігійнасці сярод 34 еўрапейскіх краін. Пра гэта са спасылкай на даследаванні цэнтра Pew Research паведамляе партал TUT.BY.

Вынікі сацыялагічнага апытання, якое праводзілася ў 2015–2017 гг., былі апублікаваныя на пачатку снежня. У ходзе даследавання па тэлефоне і асабіста былі апытаныя каля 56 тысяч чалавек, старэйшых за 18 гадоў, з 34 краін Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Падчас апытання амаль кожны трэці беларус заявіў, што шчыра верыць у Бога.

«У цэлым, еўрапейцы менш рэлігійныя, чым жыхары іншых частак свету. Але і ўнутры Еўропы часам назіраюцца значныя адрозненні», — паведамляюць аўтары даследавання.

Для ацэнкі ўзроўню рэлігійнасці аналітыкі вывучылі чатыры паказчыкі: ці верыць апытаны ў Бога, ці ўдзельнічае ў набажэнствах, як часта моліцца і наколькі важнай лічыць рэлігію ў сваім жыцці.

У агульным рэйтынгу рэлігійнасці насельніцтва Беларусі заняло 13-ю пазіцыю. Па ацэнках сацыёлагаў, 27% насельніцтва нашай краіны можна лічыць рэлігійнымі людзьмі.

Так, амаль кожны чацвёрты з апытаных беларусаў прызнаўся, што абсалютна верыць у Бога і штодзённа моліцца. 30% апытаных як мінімум раз на месяц удзельнічаюць у набажэнствах, а 20% працэнтаў паведамілі, што рэлігія вельмі важная ў іх жыцці.

Паводле аўтараў даследавання, жыхары Цэнтральнай і Усходняй Еўропы часцей маюць высокую рэлігійнасць у параўнанні з заходнееўрапейцамі. Так, у Арменіі і Грэцыі амаль палова насельніцтва з’яўляюцца рэлігійнымі людзьмі, а ў Даніі, Швецыі і Вялікабрытаніі — толькі кожны дзясяты.

Карта рэлігійнасці насельніцтва Еўропы паводле даследавання цэнтра Pew Research
(чым цямнейшы колер, тым вышэй рэйтынг рэлігійнасці)

У топ-10 самых рэлігійных краін трапілі Румынія, Арменія, Грузія, Грэцыя, Малдова, Боснія, Харватыя, Польшча, Партугалія, Сербія. Найменш рэлігійнае насельніцтва ў Бельгіі, Швецыі, Чэхіі, Даніі і Эстоніі.

А вось як размеркаваліся месцы ў суседзяў Беларусі: Польшча на 8-м месцы з 40% рэлігійнага насельніцтва, Украіна заняла 11-е месца (31%), Літва — на 16-м месцы (21%), Расія — на 20-м (17%), Латвія — на 23-м (15%).

Абноўлена 14.12.2018 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця