Баль піярскай моладзі ў Шчучыне быў прымеркаваны да дня апекі св. Юзафа Каласанса, а браслаўскія вернікі сабраліся разам, каб па-хрысціянску весела правесці вечар перад пачаткам Адвэнту.
Айцы піяры, верныя харызме свайго заснавальніка св. Юзафа Каласанса, шмат увагі прысвячаюць выхаванню моладзі. Таму і баль у Шчучыне быў не проста забавай, а магчымасцю набыць добрыя манеры і пазнаёміцца з правіламі этыкету.
З гэтаю мэтаю былі арганізаваныя адпаведныя конкурсы, у якіх удзельнікі павінны былі прадэманстраваць сваю выхаванасць, праявіўшы пры гэтым максімум вытрымкі і крэатыўнасці. Завяршыўся піярскі баль супольнай малітвай.
Фота са Шчучына ТУТ>>>
Між тым у Браславе ў вялікай зале дома айца Францішка Ёрдана, названым у гонар заснавальніка супольнасці ксяндзоў сальватарыянаў, якія духоўна апякуюцца мясцовай парафіяй, сабралася больш за 200 чалавек рознага ўзросту, каб супольна і радасна правесці вечар. Хрысціянскі баль перад Адвэнтам тут прайшоў ужо ў трэці раз.
Сёлета прысутных, як і ў мінулыя гады, чакалі танцы пад жывую музыку, забавы і конкурсы, а таксама моднае сучаснае відовішча — азотнае шоу. Кожны мог тут знайсці сабе занятак па гусце: ад размоваў за кубкам гарбаты да вясёлых танцаў, ад фотаздымкаў у мексіканскім адзенні да ўдзелу ў эксперыментах з вадкім азотам.
Фота з Браслава ТУТ>>>
Імпрэза дала парафіянама магчымасць не толькі адпачыць, але і бліжэй пазнаёміцца адно з адным, цудоўна правёўшы час разам.