29 лістапада ў сацыяльна-хрысціянскім цэнтры ў Мінску прайшла сустрэча законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Першая частка мела малітоўны характар. Удзельніцы адаравалі Езуса Эўхарыстычнага, а таксама разважалі над харызмамі сваіх супольнасцяў.
Святую Імшу цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тры аспекты жыцця кансэкраванай асобы, якімі з’яўляюцца малітва, місія і быццё маці.
«Натхнёны вучэннем папы Францішка, я хацеў бы прапанаваць вам некалькі думак пра кансэкраванае жыццё ў сённяшнім свеце. (…) Я хацеў бы, каб у вашых сэрцах, дарагія сёстры, засталіся тры словы — "малітва", "місія", "маці" — як ключ, як святло на сённяшні дзень»,
— сказаў арцыбіскуп.
Гаворачы пра слова «малітва», Апостальскі Нунцый адзначыў, што «гэта паветра кансэкраванай асобы». «У малітве ты аднаўляеш штодня тваю сустрэчу з Панам, а Ён — з табой», — дадаў іерарх.
Разважаючы над словам «місія», прадстаўнік Святога Айца патлумачыў: «Кансэкраванае жыццё — гэта пакліканне любові, пакліканне, каб любіць. Не каб мець “свой кавалак торта”, “свой час”, “свой куток”. Бог выбраў цябе, каб зрабіць часткай Сваёй місіі: Ягоным сэрцам, Ягонымі рукамі, вуснамі, Ягоным слыхам і зрокам, каб ісці служыць іншым так, як Езус».
Кажучы пра слова «маці», арцыбіскуп падкрэсліў: «Кожная з вас пакліканая быць Маці, пакліканая быць іконай Касцёла, іконай Марыі. Кожны, хто на вас глядзіць, павінен убачыць у вашых вачах, у вашых рухах, усмешцы маму-Касцёл і маму-Марыю, а не “старую дзеву”, бясплодную, адзінокую. Помніце пра гэта!»
У другой частцы сустрэчы с. Паўла Бобэр MSF выступіла перад прысутнымі з канферэнцыяй «Як знайсці сябе ў рэальнасці нашага кансэкраванага жыцця», у якой звярнула ўвагу на важныя моманты жыцця кансэкраванай асобы ў сучасным свеце.
Сустрэча завяршылася прэзентацыяй пад назвай «Спяшайма любіць людзей, яны так хутка адыходзяць», якая была ўспамінам пра спачылую с. Даміяну Хмецік CSSH (1968-2018).