Пошук

29.11.2018 12:29   Catholic.by

У апошні тыдзень літургічнага года ў касцёле Маці Божай Будслаўскай, што на Каменнай Горцы ў Мінску, адбылася сустрэча моладзі, прысвечаная святу Нараджэння Хрыстова.

Падобныя сустрэчы праводзяць многія святары ў сваіх парафіях. Яны дапамагаюць выхаванню моладзі ў межах катэхізацыі і спрыяюць духоўнаму збліжэнню. Аднак, як адзначыў пробашч парафіі кс. канонік Францішак Рудзь, сустрэча на Каменнай Горцы была не зусім звычайнай.

Аднойчы да пробашча прыйшоў юнак і сказаў, што ён вырас у няверуючай сям’і і што ўжо шмат гадоў сам сабе задае пытанні, на якія не знаходзіць адказу.

Чаму людзі на працягу стагоддзяў любяць і святкуюць Каляды? Чаму нават чалавек, у сэрдца якога яшчэ не ўвайшоў Бог, чакае свята Нараджэння Хрыстовага і прыходзіць у храм, каб паглядзець на батлейку з Немаўляткам Езусам і пераканацца, што Ён нарадзіўся?..

«Я быў здіўлены, што такое пытанне аб адным з самых галоўных хрысціянскіх святаў за 20 гадоў маёй службы ў Касцёле задаў чалавек, далёкі ад веры ў Бога. Сапраўды, варта кожнаму з нас запытацца ў сябе: у чым крыецца таямніца Адвэнту і Калядаў? Што так змякчае сэрца чалавека ў гэты час? Чаму для людзей рознага ўзросту і поглядаў менавіта гэтае свята, як ніякае іншае, увасабляе ў сабе цуд, радасць і шчасце?» — задумаўся святар.

Гэта і падштурхнула кс. Францішка паразважаць аб Адвенце і цудзе Божага Нараджэння з парафіянамі. Дзіўна, што найбольш ёмісты і просты адказ на гэтыя пытанні далі не багатыя жыццёвым вопытам дарослыя, а моладзь. На сустрэчу прыйшоў і той зацікаўлены юнак.

Удзельнікі сустрэчы сышліся ў меркаванні, што Каляды зразумелыя і даступныя кожнаму чалавеку. Хрыстус прыйшоў на свет гэтак жа, як нараджаецца кожны з нас. Спачатку сям’я чакае дзіця; хваляванне і падрыхтоўка да гэтай радаснай падзеі пачынаюцца задоўга да нараджэння. Езус таксама быў маленькі і, напэўна, як і ўсе дзеці, чакаў і любіў падарункі. Такім чынам, нараджэнне немаўляці ўключана ў непасрэдны вопыт нашага штодзённага жыцця.

«Я іду да маленькага Езуса, як да браціка, мне цікава на Яго паглядзець!» — сказала адна дзяўчына.

І сапраўды, моладзь адзначыла важную рэч. Галоўная асаблівасць Адвэнту — гэта ўвага да падзеі, якой ён папярэднічае. Калі Пан нам дарагі, да Яго дня нараджэння мы будзем рыхтавацца не менш старанна, чым да дня нараджэння блізкіх нам людзей.

Кожны чалавек можа ўявіць сабе Бэтлеемскую зорку, жолаб, Марыю і Дзіця. Адразу пасля нараджэння Езуса вакол Яго пачынаюць здзяйсняцца цуды, якія не схаваныя ад людскіх вачэй. Пастухам з’яўляюцца анёлы, якія перадаюць ім радасную вестку, тры каралі бачаць зорку і ідуць за ёю з далёкіх краінаў… Усе яны прыходзяць пакланіцца Нованароджанаму Збаўцу, які аб’явіў сябе свету.

«Гэта выдатна, што я магу прыходзіць да нованароджанага Езуса. У маёй сям’і брацік нарадзіўся толькі раз. А тут я магу радавацца кожны год», — проста, але шчыра дадаў хтосьці з моладзі.

Паэт Іосіф Бродскі напісаў: «В Рождество все немного волхвы», і з гэтым цяжка не пагадзіцца. Мы хочам павіншаваць нованароджанага Езуса, прынесці Яму свае дары і парадаваць Дзіця.

Усе падзеі Адвэнту і Калядаў вельмі яркія, і іх лёгка сабе ўявіць. Вось чаму стагоддзямі ў многіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, існуе народная традыцыя тэатральнага прадстаўлення калядных падзеяў — Батлейкі.

Адкуль жа вера ў цуд? Больш за дзве тысячы гадоў таму Бог стаўся Чалавекам, здзейсніўшы галоўны цуд, стаўшы адным з нас, нашым Братам. Таму і мы ў любым узросце працягваем чакаць свайго каляднага цуду, дзесьці ў глыбіні душы верачы, што ён абавязкова здзейсніцца. Яго чакаюць усе пакаленні. Чаканне прыводзіць нават далёкіх ад веры людзей у касцёл.

Падчас сустрэчы з моладдзю кс. Францішак распавёў пра традыцыі Адвэнту і Калядаў на беларускіх землях, пра сімволіку елкі, паходжанне адвэнтавага вянка, неабходнасць духоўнай падрыхтоўкі і споведзі, пра звычай каляднага вігілійнага стала.

«Па вачах юнака, які задаў тое пытанне, што паслужыла штуршком для сустрэчы, я заўважыў, што ён знайшоў на яго адказ. Я ўзрадаваўся, убачыўшы яго пазней на нядзельнай святой Імшы. Чым не калядны цуд, які распачаўся задоўга да гэтага цудоўнага свята?» — падзяліўся радасцю святар.

У чарговы раз чалавецтва ўваходзіць у перыяд чакання цуду Нараджэння Бога, напаўняючы свае сэрцы надзеяй, верай і любоўю. Няхай кожны з нас адказна і духоўна падыдзе да гэтага чакання, і тады ў калядную ноч мы ўсе сустрэнемся, падзелімся аплаткай, пажадаем адзін аднаму шчасця і духоўнай радасці.

Абноўлена 18.12.2018 14:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа