
З 16 па 18 лістапада ў кляштары cясцёр змёртвыхпаўстанак у Наваполацку адбыліся рэкалекцыі для моладзі.
10 маладых дзяўчат на тры дні пакінулі свае штодзёныя заняткі, каб апынуцца ў атмасферы духоўнай засяроджанасці і распачаць нанава будаваць свае адносіны з Панам Богам, а таксама лепш пазнаваць саміх сябе.
Удзельніцам рэкалекцый былі прапанаваны тры адкрытыя пытанні: «Хто? Дзе? Калі?» У пошуках адказу на іх дзяўчатам дапамагала Кніга Быцця.

Знайсці адказ на пытанне «Хто?» дапамагла гісторыя Якуба. Якуб у сваім змаганні паказаў, як прасіць благаслаўлення ў Пана Бога. Для гэтага спачатку трэба назваць сваё сапраўднае імя. Імя, якое будзе паказваць мяне сапраўднага, без масак, якое чалавек часам баіцца паказаць іншым, але якое ведае Бог. Калі чалавек адважваецца назваць сваё сапраўднае імя, Пан яго шчодра благаслаўляе.

Адказ на другое пытанне — «Дзе?» — удзельніцы шукалі з дапамогаю Адама. Пасля граху мы, як і ён, хаваемся ад Бога, ад Яго позірку, але менавіта ў хвіліны нашага страху Бог нас шукае; шукае, задаючы пытанне: «Адаме, дзе ты?» Кожная з удзельніц упісала ў гэтае пытанне сваё імя і такім чынам згадзілася на тое, каб Бог пачаў яе шукаць.

Адказ на пытанне «Калі?» — гэта спроба знайсці каірос — час ласкі ў нашым штодзёным жыцці, якое працякае ў звычайным вымярэнні часу — хронасе.
Кульмінацыяй рэкалекцый стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельніцы мелі добрую магчымасць у цішы сваіх сэрцаў адказаць на гэтыя пытанні, узіраючыся ў вочы самога Бога.

Хоць рэкалекцыі скончыліся, яны працягваюцца ў штодзённым жыцці іх удзельніц.