Пошук

19.11.2018 10:15   Паводле: Зміцер Лупач / catholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Catholic.by

17 лістапада ў парафіяльным доме імя кс. Юзафа Францкевіча пры касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім з удзелам біскупа Алега Буткевіча прайшла сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі.

У сустрэчы бралі ўдзел тыя, хто так ці інакш займаецца катэхізацыяй у Касцёле на Віцебшчыне: святары, сёстры законныя, свецкія катэхеты.

Пасля прывітальнага слова першым выступіў з дакладам на тэму «Інтэрнэт для катэхезы: шанц ці пагроза?» выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Андрэй Лішко.

Інтэрнэт святар назваў вялікім дарам, з дапамогай якога таксама можна і трэба абвяшчаць Божае слова. Святар адзначыў, што калі б Езус прыйшоў у гэты свет у наш час, то Евангелле б было тым самым, а вось сродкі яго распаўсюду хіба былі б іншыя.

Касцёл у Беларусі актыўна выкарыстоўвае новыя магчымасці, якія дае тэхнічны прагрэс. У кожнай дыяцэзіі ёсць свае сайты, маюць іх і шмат якія парафіі. Многія святары выкарыстоўваюць яго ў камунікацыі паміж сабой і вернікамі. Ён скарачае адлегласці і дазваляе збіраць вялікія супольнасці аднадумцаў.

«Але, — падкрэсліў прамоўца, звяртаючыся да катэхетаў, — Інтэрнэт не зможа замяніць цалкам вашай працы. Таму трэба разумна спалучаць і працу ў віртуальнай прасторы, і жывую працу з людзьмі».Пасля кава-паўзы адбылося абмеркаванне дыяцэзіяльнага конкурсу па катэхезе сярод дзяцей, які мае адбыцца ўвесну наступнага года. Менавіта ў 2019 г. Віцебская дыяцэзія адзначыць свой дваццацігадовы юбілей.

Ініцыятыву правядзення такога конкурса агучыла сястра Дар’я Галубкова OV. Яна выказала сваё бачанне гэтай дыяцэзіяльнай падзеі, і пасля яе выступу ўмовы яго правядзення актыўна абмяркоўваліся прысутнымі святарамі і катэхетамі. Канчатковае рашэнне пра дату і ўмовы яго правядзення будзе прынятае цягам наступных месяцаў. Хутчэй за ўсё, конкурс-тэст адбудзецца ў канцы красавіка, прысвечаны ён будзе веданню дзецьмі Святога Пісання.

Пасля гэтага ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў касцёл, дзе адбылася святая Імша для катэхетаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У сваім слове іерарх падкрэсліў важнасць уласнага прыкладу, які павінны паказваць тыя, хто навучае дзяцей Божай праўдзе. І гэта важна ў адносінах не толькі да дзяцей, але і да дарослых вернікаў. Сёння вельмі хутка прыходзяць новыя выклікі, якія пасылае сучасны свет. Таму толькі вера ў Бога, прабыванне з Ім у малітве, дапаможа ўсім нам несці Божае слова ў свеце.

«Няхай плён вашай працы будзе багатым; няхай вынікі вашага навучання, вашай малітвы за тых, каго навучаем, прыносяць вам радасць у вашым жыцці», — пажадаў усім удзельнікам сустрэчы катэхетаў біскуп Алег.

Абноўлена 19.11.2018 14:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа