17 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў пасвячэнне прэзбітэрату двум дыяканам і пасвячэнне дыяканату аднаму семінарысту. Урачыстасць адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Прэзбітэрамі Касцёла на Гродзеншчыне сталі дыяканы Раман Вайцяховіч i Эрнэст Мікалайчык. Дыяканскае пасвячэнне прыняў семінарыст Віталій Валюк.
Урачыстая святая Імша, падчас якой былі ўдзелены пасвячэнні, сабрала шматлікіх святароў і вернікаў, якія прыбылі з розных куткоў найменшай па плошчы, але найбольшай па колькасці вернікаў беларускай дыяцэзіі, каб падтрымаць малітвамі кандыдатаў да пасвячэння. Прысутнічалі таксама іх бацькі і прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў, адкуль яны паходзяць: з Гродна, Ліды і Крамяніцы.
У гаміліі біскуп Гродзенскі адзначыў, што дзякуючы служэнню, якое святары спаўняюць у асобе Хрыста, Яго адзіная і непаўторная Ахвяра, складзеная на дрэве крыжа, працягвае ўвасабляцца на алтарах усяго свету, каб Божы народ мог як мага больш шчодра чэрпаць з гэтай крыніцы збаўлення.
Звяртаючыся да кандыдатаў да пасвячэнняў, іерарх выказаў надзею, што іх штодзённае служэнне будзе поўным самапрысвячэння і адчування служэння Богу, Касцёлу і людзям.
«Трывайце ў любові Хрыста Пана, нястомна паглыбляйце сваё сяброўства з Ім праз малітву і клопат аб уласным духоўным жыцці, а таксама праз руплівае і вернае спаўненне абавязкаў, якія Касцёл вам даручае», — па-айцоўску заклікаў іх біскуп.
На заканчэнне Эўхарыстыі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў словы ўдзячнасці бацькам, а таксама братам і сёстрам, дзядулям і бабулям, усім родным тых, якія прынялі пасвячэнні, за «жыватворчую, ураджайную глебy — верy, якую новапасвячаныя прэзбітэры і дыякан вынеслі з родных дамоў».
Новапрэзбітэры і дыякан, у сваю чаргу, скіравалі словы ўдзячнасці ўсім, хто падтрымліваў іх на шляху, які вядзе да Хрыстовага алтара, і прасілі аб далейшым малітоўным спадарожнічанні.
Kсёндз Раман Вайцяховіч нарадзіўся 30 студзеня 1994 г., паходзіць з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).
Kсёндз Эрнэст Мікалайчык нарадзіўся 1 лютага 1994 г., паходзіць з парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе.
Дыякан Віталій Валюк нарадзіўся 26 чэрвеня 1991 г., паходзіць з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы.
У нядзелю новапрэзбітэры цэлебравалі свае першыя св. Імшы — т.зв. «прыміцыі» — у сваіх родных парафіях.
Больш фота з пасвячэння ТУТ>>>