Пошук

06.11.2018 12:01   Catholic.by

6 кастрычніка жыхары Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, што знаходзіцца ў вёсцы Лушчыкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, наведалі могілкі, дзе памаліліся за сваіх памерлых братоў і сясцёр.

Свірскі дом-інтэрнат — гэта не толькі і не столькі медыцынская ўстанова, а, хутчэй, вялікая сям’я, якая сабрала пад адным дахам старажытнай сядзібы Ахраноўскіх людзей розных узростаў і веравызнанняў. Тут незаўважна для навакольнага мітуслівага свету праходзіць іх жыццё са сваімі маленькімі радасцямі і смуткамі, са сціплымі марамі і надзеямі.

Тут на схілку сваіх дзён яны ціха перасяляюцца ў лепшы свет, а іхнія знікомыя парэшткі знаходзяць апошні прытулак на слабадскіх могілках, побач з магіламі старавераў, што здаўна сяліліся на берагах Свірскага возера.

Калі пра матэрыяльныя патрэбы жыхароў дома-інтэрната клапоціцца дзяржава, то ў іхніх духоўныых патрэбах іх падтрымліваюць духоўныя асобы асноўных хрысціянскіх канфесій нашай краіны. У гэтыя лістападаўскія дні, калі праваслаўныя адзначаюць памінальную Змітраўскую суботу, а католікі — успамін усіх памерлых вернікаў, адміністрацыя дома-інтэрната паклапацілася пра тое, каб іх падапечныя таксама далучыліся да малітваў за спачылых, якія цяпер праходзяць па ўсёй Беларусі.

У два рэйсы на машыне ўсіх жадаючых даставілі на могілкі, дзе пад шэрым восеньскім небам узвышаюцца шэрагі тыпавых металічных крыжоў — каталіцкіх і праваслаўных. Сярод іх — толькі некалькі помнікаў, якія паставілі па сваіх памерлых родныя.

З усведамленнем важнасці моманту сённяшнія жыхары дома-інтэрната ў супольнай малітве памінаюць сваіх памерлых братоў і сясцёр.

Сцюдзёны вецер не дае запаліць знічкі, задзьмувае іх трапяткія агеньчыкі. Але ніякі вецер не ў сілах згасіць полымя памяці і ўдзячнасці ў чалавечых сэрцах. Менавіта памяць і вера ў Бога, у несмяротнасць, у Найвышэйшае Дабро дапамагае людзям нават у самых складаных жыццёвых абставінах заўсёды заставацца вобразам і падабенствам Божым.

 

Абноўлена 06.11.2018 12:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа