Пошук

15.10.2018 13:17   Catholic.by

14 кастрычніка ў касцёле Маці Божай Будслаўскай, што на Каменнай Горцы ў Мінску, адбылося адкрыццё выставы малюнкаў і вырабаў парафіянаў «Мая малая Радзіма» і прайшла акцыя «Напішы ліст сваёй маці». Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня маці, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Іерарх адзначыў, наколькі важна кожнаму чалавеку памятаць пра сваю радзіму і ніколі не забывацца пра рукі маці:

«Месца, дзе нарадзіўся і вырас чалавек — гэта яго маленькі свет. У ім утульна і цёпла. Успаміны пра яго саграюць кожны дзень, дапамагаюць пераадольваць нягоды. У цяжкую хвіліну мы шукаем падтрымкі ў блізкіх. У родны дом мы вяртаемся, каб адпачыць і духоўна адрадзіцца.

Малая радзіма — гэта пяшчота матуліных рук, бацькавы настаўленні, родны кут, родны дом і святыня. Яны заўсёды чакаюць.

Менавіта там нам упершыню распавялі пра Бога, увялі ў касцёл, навучылі памятаць і выконваць Божыя запаведзі».

Біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці, які сам нясе служэнне далёка ад свайго роднага кутка, падкрэсліў, што ўсё, што дала і дае чалавеку яго малая радзіма, ён пакліканы перадаць наступным пакаленням. Паводле яго, варта расказаць дзецям пра тое, як рыхтаваліся да нядзельнай Імшы, як адбылася Першая Камунія, якія смачныя былі калядныя пірагі і велікодныя яйкі.

Пробашч парафіі на Каменнай Горцы кс. канонік Францішак Рудзь, які таксама прыехаў у сталіцу са сваёй малой радзімы, распавёў, як узнікла ідэя правесці ў парафію такую тэматычную выставу:

«Ад вернікаў я часта чую пра тое, што людзі сумуюць па родных мясцінах, дзе яны выраслі, хвалююцца за сваіх бацькоў, успамінаюць сваю родную святыню. Я прапанаваў ім падзяліцца гэтым з іншымі праз малюнкі і вырабы і быў крануты, калі ўбачыў, з якой любоўю, як хутка і дружна вернікі неслі свае пачуцці ў творчых працах.

Сённяшняя выстава — яшчэ адно пацверджанне таго, што ўсе мы стараемся, каб не перапынілася гэтая духоўная, поўная Божай ласкі сувязь», — падзяліўся кс. Францішак.

Выстаўленыя творы парафіянаў сведчаць пра тое, наколькі непадзельна пачуццё малой радзімы звязана ў іх душах і свядомасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі. Любоў да малой радзімы з першага дня асвячана духоўнасцю. Малая радзіма — гэта не толькі выток жыцця, але таксама выток веры, месца духоўнага выхавання і пошуку сэнсу жыцця, што вызначае жыццёвае пакліканне і прызначэнне чалавека.

Менавіта ад веры, ад духоўнай сутнасці чалавека залежыць тое, як ён бачыць сваю Радзіму: вёску або горад, родныя лясы і палі, азёры і рэкі.

Малая радзіма — гэта таксама любоў да продкаў і павага да іх вопыту, угрунтаванага на традыцыйных каштоўнасцях, закладзеных у самой чалавечай натуры і ў Святым Пісанні.

Малая радзіма — гэта і такія непарушныя і святыя каштоўнасці, як сям’я і бацькоўства, праз што чалавек супрацоўнічае ў стваральнай дзейнасці самога Бога. Нельга забывацца пра тое, што толькі Бог дае і падтрымлівае жыццё і што чалавек прымае яго як найкаштоўнейшы Божы дар, які Найвышэйшы дае кожнаму праз маці, свята ў гонар якой у Беларусі адзначаецца ў праваслаўнае свята Пакравоў Багародзіцы.

У гэты дзень усе ахвотныя парафіяне — а такіх было ў касцёле на Каменнай Горцы нямала — падпісалі сваім матулям паштоўкі са словамі пяшчоты, любові, удзячнасці і пажаданнем апекі Бога. Гэтыя пажаданні адправяцца ў падарожжа на малую радзіму, каб сагрэць сэрцы матуляў, якія нават на адлегласці адчуваюць, што адбываецца з іх ужо дарослымі дзецьмі. Удзел у акцыі «Напішы ліст сваёй маці» прыняў і біскуп Аляксандр Яшэўскі, які з хваляваннем напісаў цёплыя словы сыноўскай любові і падзякі сваёй матулі.

Абноўлена 15.10.2018 15:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.