Пошук

09.10.2018 14:42   ave-maria.by / Catholic.by

У Мінску працягваецца перэгрынацыя фігуры Арханёла Міхала. Вечарам 6 кастрычніка фігура была перанесена з архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы.

Перад залатагорскім касцёлам сабраліся парафіяне і разам з пробашчам ксяндзом канонікам Юрыем Санько сустрэлі выяву нябеснага заступніка Беларусі. Фігура Арханёла Міхала будзе знаходзіцца тут на працягу тыдня.

Ксёндз Ігар Лашук, адказны за перэгрынацыю фігуры, падчас святой Імшы нагадаў пра вялікае значэнне ў жыцці чалавека нябачных Божых стварэнняў:

«Святы Арханёл Міхал з’яўляецца абаронцам паўсюднага Касцёла, а таксама абаронцам і апекуном нашага Касцёла ў Беларусі, нашай Радзімы, зямлі, на якой мы нарадзіліся, з якой мы будзем звязаныя да апошняга моманту нашага жыцця. Таму за гэтую краіну, якую Бог нам даў, за Беларусь, мы молімся і здзяйсняем перэгрынацыю фігуры святога Арханёла Міхала. <...> Хоць мы называем Арханёла Міхала анёлам супакою, аднак гэта той, хто змагаецца з прычынаю зла, з сатаною, якому мы заўжды павінны казаць сваё рашучае “не!”».

Праз тыдзень пасля прыбыцця ў парафію на Залатой Горцы фігуру Арханёла Міхала, прывезеную з італьянскага санктуарыя ў Гаргана, сустрэнуць у мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы.

Перэгрынацыя фігуры па святынях Беларусі ўрачыста распачалася з мінскага архікатэдральнага касцёла 29 верасня, у свята св. Міхала Арханёла, святых Габрыэля і Рафала, Арханёлаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця