У чарговым матэрыяле з цыклу «Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця», у якіх пра свой жыццёвы вопыт апавядаюць удзельнікі рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч», сваім сведчаннем дзеліцца сям’я Аляксандра і Марыі Акулік.
Аляксандр: Гісторыя нашага кахання пачалася летам 2011 года, але рэальнае знаёмства адбылося яшчэ ў жніўні 2003. Мы пазнаёміліся падчас пілігрымкі да цудатворнага абраза Маці Божай Каралевы Палесся Баранавічы – Лагішын. Тады я вучыўся на трэцім курсе ўніверсітэта і меў 20 гадоў, а Марыйцы было 13 гадоў і яна вучылася ў восьмым класе.
Марыя: На працягу дзевяці гадоў мы бачыліся ўсяго раз на год у жніўні, падчас пілігрымкі.
Аляксандр: Нашыя рэальныя адносіны, а менавіта маё жаданне сустракацца, з’явілася ў чэрвені 2011 г. Мы сустрэліся пасля св. Імшы ў катэдральным касцёле ў Мінску, і я запрасіў Марыйку ў кавярню. Яна была з сяброўкай, таму гэта не было тое спатканне, на якое я разлічваў. Падчас размовы я зразумеў, што яна нядаўна прыехала з рэкалекцый, і ў той момант мяне захапілі яе адносіны з нашым Нябесным Айцом. У чарговы раз, калі я запрашаў Марыйку на спатканне, яна ўсё роўна прымудралася ўзяць з сабой сяброўку.
Марыя: Усё праўда. Сашка запрашаў мяне на спатканні, а я, шчыра кажучы, проста баялася застацца з ім сам-насам і таму брала з сабой сяброўку, прычым кожны раз новую з надзеяй, што хто-небудзь яго больш зацікавіць. Насамрэч, я пазбягала Сашу, і ў мяне былі дзве прычыны такіх паводзінаў.
Па-першае, Сашка не адпавядаў ідэалу мужчыны, які я стварыла ў сваёй юнацкай свядомасці, а па-другое, мая лепшая сяброўка сустракалася з ім. Менавіта таму я адчувала збянтэжанасць, напружанасць; мяне ўсё ў ім раздражняла.
Я нават у думках не ўяўляла, што мы зможам быць разам!
Я «сватала» Сашку ўсім сваім сяброўкам — хлопец жа добры! — пакуль адна з іх у мяне не спыталася: «Калі ён такі добры, як ты кажаш, то чаму сама з ім не сустракаешся?..»
У той момант я не змагла нічога ёй адказаць. Гэтая размова адбылася ў Будславе падчас штогадовых урачыстасцяў Маці Божай. І, трэба адзначыць, што менавіта тады, у прысутнасці Маці Божай, гэтая гутарка цалкам перамяніла мой погляд, маю свядомасць і стаўленне да Сашкі. Я стала паволі адкрываць яму сваё сэрца, пазбаўляючыся ад страхаў і прадузятасці, і ўсё больш і больш спазнавала Сашкіну душу, яго ўнутраны свет. Знешнасць і былыя сімпатыі ўжо не мелі ніякага значэння. Маю душу напаўняў спакой і захапленне.
Аляксандр: Наступны этап нашага жыцця стаў адпраўным пунктам да «ўзаконьвання» нашых адносінаў. На Каляды 2011 года я падараваў Марыйцы пярсцёнак і зрабіў прапанову. Думкі, вядома ж, былі розныя (згодзіцца яна ці адмовіць), але думаю, што Божая воля здзейснілася ў маіх і яе дзеяннях: Марыя згадзілася.
Той вечар да гэтага часу помніцца асабліва: такога хвалявання і адначасова пазітыву я ніколі не адчуваў. Адразу з’явіўся пад’ём сілаў і ўпэўненасць у сабе.
Марыя: Толькі я пачала прызвычайвацца да таго, што Сашка — мой хлопец, ён раптам робіць мне прапанову стаць ягонай жонкай! Для мяне гэта было вельмі нечакана. Я была шакаваная, але пры гэтым адчувала велізарную радасць і натхненне.
Не раздумваючы я адказала «ТАК». І мы цалкам даверылі нашыя адносіны Нябеснаму Айцу.
Сябры падказалі нам, што ёсць такая форма падрыхтоўкі да шлюбу, як «Вечары для закаханых». Як цiкава і важна было нам туды трапіць! Памятаю, што я з вялікай нецярплівасцю чакала кожную тэму і з хваляваннем абмяркоўвала іх з Сашам. Менавіта падчас «Вечароў для закаханых» я па-сапраўднаму закахалася ў свайго будучага мужа.
Менавіта тады, з асабістага вопыту сужонкаў, якія падрыхтоўвалі для нас свае сведчанні, я зразумела, што будаваць сям’ю — гэта цяжкая штодзённая праца і што без рэгулярнага дыялогу паміж сужонкамі і дыялогу з Богам немагчыма стварыць шчаслівую сям’ю.
Аляксандр: Мы ўжо ведалі, што «Сужэнскія сустрэчы» праводзяць рэкалекцыі для сужонкаў, і я вельмі рады, што адразу, як толькі мы стварылі сям’ю, мы трапілі на гэтыя рэкалекцыі. Гэты ўдзел даў кірунак развіцця адносінаў паміж намі.
Як хрысціяніну мне важна выкананне Божых запаведзяў і наказаў, імкненне да дасканаласці. Адным з Божых наказаў адносна сужэнства з’яўляецца жыць у еднасці і паглыбляць нашую сужэнскую сувязь. Цяпер, пасля рэкалекцый, я зразумеў, што менавіта праз дыялог мы зможам паглыбляць нашыя адносіны.
Мы стварылі сям’ю шэсць гадоў таму. На ўікэндзе былі пяць з паловай гадоў таму.
Аднаго толькі ўдзелу ва ўікэндзе было недастаткова, каб навучыцца дыялогу і яго прынцыпам: больш слухаць, чым казаць, больш разумець, чым ацэньваць, больш дзяліцца, чым дыскутаваць, а перадусім — прабачаць.
Праз прынцыпы дыялогу я па-іншаму стаў глядзець на сужэнскае жыццё, стаў больш прабачаць і больш слухаць. На асабістым вопыце стаў упэўнены, што патрэбна штодзённая практыка дыялогу з жонкай, дыялогу з Богам. Дыялог мне ніколі не даваўся лёгка. Мне вельмі цяжка дзяліцца сваімі пачуццямі.
Марыя: Трэба сказаць, што ў першы год сужэнскага жыцця мы выкарыстоўвалі прынцыпы дыялогу толькі для таго, каб больш культурна «закрыць рот» адно аднаму. Год за годам мы вучыліся спакойна размаўляць паміж сабою, але кожны раз, часцей пад уплывам маіх эмоцый, размова ператваралася ў сварку. Прабачаць увогуле мы не ўмелі. Калі я, пакрыўдзіўшы Сашу нейкаю дробяззю, праз пэўны час падыходзіла прасіць прабачэнне, то замест словаў «так, каханая, прабачаю», я чула ў адказ: «Я-то прабачаю, а вось ці прабачыць табе Бог…»
Аляксандр: І сёння наш дыялог вельмі няпросты. Я зразумеў, што частка праблем крыецца ў нашым дзяцінстве, у тых ранах, якія мы атрымалі падчас выхавання ў бацькоўскім доме. Мой бацька меў праблемы з алкаголем, рана памёр, калі мне было 11 гадоў. Бацька Марыйкі і сёння злоўжывае алкаголем. Кожны раз, калі мы размаўляем альбо едзем дадому да Марыйкі, то адбываюцца спрэчкі на гэтай глебе.
Марыя: Так і ёсць. Калі закранаецца праблемная для нас тэма, напрыклад, тэма нашых бацькоў, то наш дыялог становіцца вельмі цяжкім. Нам не ўдаецца пазбегнуць узаемнага ўскоснага выразу пачуццяў, ацэнак і асуджэння.
Сёння мы належым да адной з паслярэкалекцыйных груп. Кожны месяц адбываюцца сустрэчы для сужонкаў, якія былі на асноўным уікэндзе. Падчас кожнай сустрэчы ёсць час для дыялогу паміж сужонкамі. З пачуццём хвалявання, адказнасці і вялікай радасці я чакаю гэтых сустрэчаў. Мне важна пакінуць хатнюю мітусню, вызначыць час, засяродзіцца толькі на нашых з Сашам адносінах, на нашых пачуццях.
Мне неабходна адчуваць, што я застаюся каханай і каштоўнай для Сашы, таму што час ад часу я адчуваю… самоту. Мы можам сядзець у адным пакоі, але пры гэтым кожны паглыбляецца ў свой свет: мой каханы адводзіць час на прагляд інтэрнэту ці зачытваецца гістарычнай літаратурай, а я ў гэты час праглядаю новыя рэцэпты на кулінарных сайтах ці замаўляю рэчы ў інтэрнэт-краме. У такія моманты мы аддаляемся адно ад аднаго. А калі мы прыходзім на такія сустрэчы, то маем магчымасць падзяліцца сваімі пачуццямі, выслухаць адно аднаго, умацаваць нашую сужэнскую еднасць.
Аляксандр: Мы маем розныя характары, розныя рысы тэмпераменту, таму часам можа ўзнікнуць канфліктная сітуацыя, якая заводзіць нас у тупік. З дапамогаю руху «Сужэнскія сустрэчы» я зразумеў, што няварта замоўчваць, затойваць крыўды адно на аднаго, што для нас вельмі важна больш слухаць адзін аднаго, не ацэньваць і перш за ўсё прабачаць.
Менавіта Бог прапануе нам шлях дыялогу. І трэба вырашыць: ісці гэтым шляхам ці не?
Рэкалекцыі для вашага сужэнства
З 19 па 21 кастрычніка «Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі ў цэнтры Caritas у в. Ляскоўка (Бараўляны). Рэкалекцыі — гэта шанц духоўна ўмацавацца і аднавіць сваё каханне.
Кантакты:
Вольга +375 (29) 779 19 03
Аляксандр +375 (29) 250 06 99