4 кастрычніка, ва ўспамін св. Францішка, пінская катэдральная базыліка сабрала вернікаў на святкаванне 20-годдзя біскупскага служэння біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.
На пачатку ўрачыстай Эўхарыстыі рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага кс. Андрэй Рылка адзначыў, што гэты дзень важны для Пінскага Касцёла з некалькіх нагодаў.
4 кастрычніка ў пінскай катэдры асабліва ўшановаецца памяць святога Францішка Асізскага, бо менавіта браты заснаванай ім супольнасці прыбылі ў 1380-я гады на берагі Піны, дзе дзякуючы ім пазней з’явіліся касцёл і кляштар, якія цяпер сталі «сэрцам» дыяцэзіі.
Былы францішканскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на пачатку мінулага стагоддзя стаў катэдральным, а ў мурах былога кляштара размяшчаецца Дыяцэзіяльная курыя і Вышэйшая духоўная семінарыя. Тут таксама знаходзіцца рэзідэнцыя Пінскага біскупа.
На 4 кастрычніка прыпаў таксама першы чацвер месяца. Ужо стала добрай традыцыяй, што асабліва ў гэты дзень ва ўсіх парафіях Пінскай дыяцэзіі ўзносіцца да Бога асаблівая малітва за пакліканых да Божай службы, а таксама аб новых пакліканнях да святарскага служэння і кансэкраванага жыцця.
Асаблівай нагодай стала святкаванне 20-годдзя біскупскага пасвячэння Пінскага ардынарыя.
І хоць пасвячэнне біскупа Антонія адбылося 29 верасня 1998 г., у свята св. Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, то сёлета пінскія вернікі і супольнасць семінарыі сабраліся ў дзень св. Францішка, каб разам са сваім пастырам ўзнесці да Пана малітву падзякі.
Падчас св. Імшы біскуп Антоні запрасіў сабраных паглядзець на гісторыю свайго жыцця і гісторыю Касцёла на нашай зямлі як на рэалізацыю Божага плану збаўлення.
Пастыр Пінскай дыяцэзіі ўзгадаў сваіх вялікіх папярэднікаў у кіраванні Касцёлам на Палессі: Слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, кс. інфулата Вацлава Пянткоўскага, кардынала Казіміра Свёнтка, які і ўдзяліў яму біскупскае пасвячэнне. Таксама біскуп Антоні заахвоціў вернікаў маліцца ў інтэнцыях Святога Айца Францішка і ў інтэнцыі Сіноду Біскупаў, які ў гэтыя дні праходзіць у Рыме.
На заканчэнне літургіі сабраныя святары, семінарысты і парафіяне выказалі іерарху сардэчныя віншаванні з нагоды 20-годдзя яго біскупскага служэння, а прадстаўнікі малітоўнага руху «Маргарытка» ўручылі біскупу Антонію адмысловую даведку-прысягу, у якой абавязаліся штодзённа і няспынна падтрымліваць малітвай далейшае служэнне свайго біскупа.