У парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у пасёлку Бараўляны пад Мінскам, якой духоўна апякуюцца святары з салезіянскай супольнасці, распачынаецца будаўніцтва новага касцёла.
Вернікі бараўлянскай парафіі цяпер моляцца ў часовай драўлянай капліцы, якая ўжо не можа змясціць усіх мясцовых католікаў. Таму ў пасёлку ўзнікла неабходнасць пабудаваць новы вялікі касцёл, пра што на пачатку года ўжо казаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB.
Святыню плануюць пабудаваць з цэглы ў аднолькавым стылі з ужо ўзведзенымі манаскім домам салезіянаў і араторыем, якія знаходзяцца ў адным будынку.
Такім чынам, святыня гарманічна спалучыцца з салезіянскім кляштарам, утвараючы адзіны сакральны коплекс.
Абрысы касцёла ў праекце нагадваюць неагатычныя святыні, якія так палюбіліся нашым землякам. У алтарнай частцы над святыняю ўзнясецца высокая вежа са шпілем, увенчаным крыжам, што ў сакральным будаўніцтве з’яўляецца сімвалам збаўлення. У Першай кнізе Кронік чытаем: «Пан ёсць вежай свайго збаўлення». Такая інтэрпрэтацыя вежы існавала на працягу ўсёй гісторыі сакральнага будаўніцтва.
Людзі, калі бачылі шпілі велічных катэдраў і парафіяльных святыняў, абуджалі ў сэрцах прагненне збавіць сваю душу. Падарожныя рабілі знак крыжа, як толькі на даляглядзе з’яўлялася касцёльная вежа.
Пад вежай будзе знаходзіцца капліца з абразом Маці Божай Бараўлянскай Успамогі Верных. Каля гэтага абраза ўжо былі зафіксаваныя цуды, якія людзі выпрасілі ў Бога праз заступніцтва Багародзіцы. Сведкамі цудаў з’яўляюцца не толькі вочы Бараўлянскай Панны на абразе, але і вернікі, якія пачалі вешаць побач з іконай каштоўныя вотумы як знак удзячнасці за атрыманыя ласкі.
Вернікі Бараўлянаў, а таксама ксяндзы салезіяне, якія апякуюцца тутэйшай парафіяй, маюць надзею на тое, што дзякуючы пабудове новага касцёла Марыі Успамогі Хрысціянаў тут з’явіцца яшчэ адзін марыйны санктуарый.
Будаўніцтва касцёла, безумоўна, з’яўляецца радасцю, але і немалым клопатам. Перадусім гэта звязана з вялікімі выдаткамі на матэрыялы і на працу. У сувязі з гэтым бараўлянская супольнасць католікаў просіць усіх людзей добрай волі аб дапамозе, а таксама аб малітве ў інтэнцыі будаўніцтва новай святыні.