20 верасня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшло ўрачыстае адкрыццё новага навучальнага года.
Удзел ва ўрачыстай падзеі прыняў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў св. Імшу. Гамілію да прысутных прамовіў ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка. Звяртаючы ўвагу на фармацыю будучага, іерарх адзначыў, што фундаментам у фарміраванні будучага святара з’яўляецца яго чалавечая сутнасць, на якую абапіраюцца інтэлектуальная, духоўная і пастырская фармацыя.
Першую лекцыю для семінарыстаў прачытаў выкладчык гродзенскай семінарыі кс. Павел Урбан. У сваім дакладзе ён распавёў аб асаблівасцях закона аб свабодзе сумлення і веравызнання ў Беларусі.
Адным з галоўных момантаў стала ўручэнне студэнцкіх білетаў і заліковак навучэнцам першага курса семінарыі.
У сваю чаргу біскуп Антоні Дзям’янка назваў семінарыю зрэнкай вока кожнага біскупа, падкрэсліваючы, што асаблівую ўвагу кожны пастыр у сваёй дыяцэзіі звяртае на фарміраванне будучага пакалення.