Пошук

12.09.2018 11:58   Кс. Юрый Марціновіч / Фота: Тамаш Мікалайчык / grodnensis.by

8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, трое навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўпершыню апранулі духоўнае адзенне – сутаны і калараткі.

Сутаны атрымалі семінарысты Андрэй Юхнік, Віталій Гурэц і Артур Вільнеўчыц.

Урачыстую Эўхарыстыю ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што духоўная вопратка, якую атрымліваюць семінарысты, – «асаблівы знак дыялогу з Хрыстом і бачны знак прыналежнасці да супольнасці вучняў Пана».

Біскуп нагадаў, звяртаючыся да ўсіх семінарыстаў, што «святарства, да якога мы накіроўваемся, – гэта ахвяраванне свайго жыцця, а не ўтварэнне яго на свой густ». «Здабывайце навуку шчырым, адкрытым сэцрам, здольным прызнаць і аплакваць свае слабасці, з верай, што менавіта там будзе дзейнічаць Божая міласэрнасць», – дадаў іерарх.

Пасля благаслаўлення сутан біскупам семінарысты накіраваліся ў сакрыстыю і з дапамогай старэйшых калег апранулі сваё першае духоўнае адзенне. Традыцыйна гэтаму моманту спадарожнічаў звычай абразання гальштукаў.

На святой Імшы прысутнічалі бацькі, родныя і сябры семінарыстаў. На заканчэнне ўсім сабраным на гэтай узрушаючай падзеі, асабліва бацькам семінарыстаў, якія апранулі сутаны, і біскупу, падзякаваў кс. Віталій Вайцяхоўскі, рэктар семінарыі. Звяртаючыся да семінарыстаў, святар адзначыў: «Духоўная вопратка перарастае нас усіх, і мы павінны старацца дарасці да яе», – падкрэсліўшы такім чынам, што гэта нялёгкая мэта, але дасягальная.

Moжна сказаць, што ў гэты дзень – свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі – трое семінарыстаў чарговы раз падарылі Маці Божай свае сэрцы, а Яна са свайго боку «адарыла» іх духоўнай вопраткай. Таму жадаем ім заўсёды быць сведкамі Бога жывога, веры, надзеі і любові для вернікаў, і каб іх сэрцы былі напоўнены любоўю да Бога і бліжніх!

Абноўлена 12.09.2018 12:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.