Пошук

21.08.2018 07:48   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by / Catholic.by

Увечары 18 жніўня ў Гродна прыбыла ХХVI экуменічная пілігрымка Беласток – Гродна – Вільня, шлях якой у гэтыя дні праходзіць па тэрыторыі нашай краіны.

У суботу пілігрымы, якія ідуць да Апякункі трох народаў Маці Божай Вастрабрамскай, перасякла польска-беларускую мяжу і спынілася на начлег у жыхароў Гродна. Тут да гэтай міжнароднай пілігрымкі далучыліся ўдзельнікі з Беларусі.

Сёлета ў Гродна прыйшло каля 400 чалавек з розных мясцінаў Польшчы і не толькі.

Сярод пілігрымаў ёсць прадстаўнікі Аўстрыі, Англіі, Францыі, Украіны і Расіі. Некаторыя вернікі з Беларусі вырашылі не чакаць пілігрымку ў Гродна, а самі адправіліся ў Беласток, каб прайсці шлях да Вострай Брамы з самага пачатку.

Кс. Лукаш Жук, кіраўнік пілігрымкі, падкрэслівае, што яна набыла сапраўды міжнародны характар.

«Гэта вельмі дынамічная група. З году на год кажуць пра памяншэнне колькасці пілігрымаў. У нас зусім адваротнае, што для арганізатараў становіцца немалым выклікам», — зазначае ён.

Па словах святара, хоць пілігрымка выходзіць з Беластока, нельга сцвярджаць, што яна толькі «беластоцкая», бо штогод у ёй павялічваецца колькасць удзельнікаў з розных мясцінаў Польшчы. Яна носіць назву экуменічнай, бо перасякае 3 краіны, а таксама таму, што на шляху пілігрымаў прымаюць людзі розных канфесій — католікі і праваслаўныя, — дзелячыся з імі тым, што маюць.

Пілігрымаў да Маці Міласэрнасці, якую ўшаноўваюць як галоўную Апякунку Гродзенскай дыяцэзіі, у горадзе на Нёмане прывіталі перад касцёлам Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскі). У старажытнай святыні, якая сёлета адзначыла 400-гадовы юбілей пасвячэння, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў св. Імшу для пілігрымаў.

Іерарх падзякаваў ім за прыняты на сябе цяжар пілігрымавання і за прыгожае сведчанне таго, што сёння варта жыць з Богам і звяртацца да Найсвяцейшай Панны Марыі ва ўсіх сваіх патрэбах, якое яны даюць людзям, сустрэтым на сваім шляху.

Шлях гэты доўжыцца 9 дзён. Перасякаючы 3 краіны, пілігрымы традыцыйна наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія сустракаюць па дарозе.

Сёлета ў іх шэрагах ідзе дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрых Цярэшка. Пілігрымку суправаджаюць 13 святароў, 6 семінарыстаў і 10 законніц. Найстарэйшы пілігрым мае 88 гадоў, наймалодшы — 6.

Пераадолеўшы каля трохсот кіламетіраў, пілігрымы 24 жніўня ўвойдуць у Вострую Браму, дзе прымуць удзел у святой Імшы. Афіцыйна пілігрымка завершыцца 25 жніўня супольнай Эўхарыстыяй у віленскай катэдры.

Сёлета пілігрымка праходзіць пад назвай «Моцныя ў Духу». Гэтыя словы заахвочваюць удзельнікаў задумацца над роляй Святога Духа ў Касцёле, у сем’ях і ў жыцці кожнага хрысціяніна: усе разважанні, канферэнцыі, сведчанні прысвечаны гэтай тэме.

21 жніўня шлях пілігрымаў праходзіць з Новага Двара (Шчучынскі дэканат) у Радунь, а на наступны дзень пасля перасячэння мяжы будзе працягвацца ўжо па тэрыторыі Літвы.

Абноўлена 21.08.2018 07:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця