Пошук


Урачыстай св. Імшой апоўдні 18 жніўня завяршыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Браслаўскай, якія сёлета праходзілі пад дэвізам «Марыя — Валадарка маладых сэрцаў».

На пачатку Імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч шчыра прывітаў пілігрымаў з Віцебскай дыяцэзіі, з іншых мясцін Беларусі і з замежжа, адзначыўшчы, што

з Браслава «плыве тая надзея маладосці, якую дае нам Езус Хрыстус, народжаны з Найсвяцейшай Панны Марыі».

Пастыр самай маладой беларускай дыяцэзіі, якая ў наступным годзе адзначыць дваццацігоддзе свайго існавання, таксама прывітаў прысутных на ўрачыстай Эўхарыстыі пасла Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь пана Артура Міхальскага і прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў.

Цэлебрацыю ўрачыстай Эўхарыстыі на палявым алтары-караблі, які плыве паміж блакітам нябёс і браслаўскіх азёраў, ўзначаліў біскуп Фрэжюса і Тулона Дамінік Рэ. У сваёй гаміліі французскі іерарх засяродзіўся на трох асноўных адносінах, якім Марыя вучыць нас на шляху да Яе боскага Сына: адкрытасці перад Ім, самаахвярнасці і адзінству.

«Аднойчы, калі я быў яшчэ святаром, — распавёў гісторыю са свайго жыцця біскуп Дамінік, — я наведваў вернікаў. Пастукаўшыся ў дзверы аднаго дома, я пачуў з сярэдзіны голас: „ Тут нікога няма!“ Часам мы таксама не жадаем адчыніць для Пана дзверы сваіх сэрцаў. Але Пан Езус не прыходзіць, каб штосьці ў нас скарасці ці нейкім чынам нам пашкодзіць. Ён прыходзіць да нас дзеля таго, каб прынесці нам свой супакой, каб перамяніць нашае жыцце, як гэта адбудзецца цяпер, калі вы будзеце прымаць Камунію.

Калі Езус здольны перамяніць хлеб у сваё Цела, Ён таксама здольны змяніць і нас: тых, якія прымаюць Яго Цела; перамяніць нашае жыццё ў Яго Боскае жыццё.

Калі Насвяцейшая Панна Марыя прыняла Езуса у сваё ўлонне, Яна аддала сваё жыццё Езусу».

Біскуп заклікаў вернікаў таксама, як Найсвяцейшая Панна Марыя, прыняць Яго ў сваё жыццё.

Гаворачы пра адносіны самахвярнасці, французскі іерарх распавёў адну кранальную гісторыю, якую назіраў падчас Імшы ў адной беднай афрыканскай вёсцы. Ахвяраванні там збіралі ў вялікі кошык, куды кожны клаў нейкую дробязь. Калі кошык дайшоў да маленькага хлопчыка трох-чатырох гадоў, той, не маючы нічога, каб пакласці, паставіў кошык на зямлю і… залез у яго сам.

«Гэта быў цудоўны ўчынак! — сказаў біскуп. — Гэтае дзіцятка не мела, што ахвяраваць Богу, акрамя самога сябе. Таму варта не проста ахвяраваць свой час, сваю прысутнасць, нейкае служэнне. Трэба ахвяраваць самога сябе без рэшты. Менавіта гэта і робіць Найсвяцейшая Панна Марыя.

Быць хрысціянінам — гэта значыць аддаваць сябе самога. Калі мы аддаем саміх сябе, мы знаходзім Пана Бога».

Нарэшце, зазначыў біскуп Дамінік Рэ, Марыя вучыць нас яднацца з Богам і адно з адным. Яна з’яўляецца Маці Касцёла. Калі мы молімся на ружанцы, мы бачым, што кожная пацерка з’яднаная з іншымі ў адну нізку, у цэнтры якой знаходзіцца крыж. Гэта таксама вобраз Касцёла, цэнтрам якога з’яўляецца Хрыстус. Марыя, Маці сем’яў, вучыць нас утвараць з’яднаную супольнасць вакол Хрыста.

«Калі альпіністы падымаюцца разам у горы, — прывёў прыклад з альпійскага досведу французскі біскуп, — яны ідуць у звязцы, з’яднаныя адным канатам, падтрымліваючы адно аднага, каб ўзняцца на вяршыню. Марыя як быццам ідзе першай у гэтай звязцы Касцёла і „цягне“ нас да Бога, бо Яна ўжо ўзнялася да Яго.

Будзем жа прасіць Бога, каб мы маглі быць адкрытымі перад Ім, каб маглі ахвяраваць сябе Богу і каб праз Марыю з’ядналіся ў адно цэлае, каб ісці да Бога і з Богам у нас», — завяршыў сваё настаўленне біскуп Дамінік Рэ.

З панядзелка французскі іерарх распачне ў Браславе рэкалекцыі — духоўныя практыкаванні — для духавенства Віцебскай дыяцэзіі.

Напрыканцы ўрачыстаці біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прачытаў Акт прысвячэння Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Браслаўскай, Валадарцы Азёраў, аддаючы гэты прыгожы азёрны край у апеку Найсвяцейшай Панны Марыі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.