Пошук

12.08.2018 06:06   Catholic.by

Увечары 11 жніўня арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу ў Івянцы для шэфаў каталіцкіх скаўтаў і гайдаў Беларусі. Пасля Імшы адбылася сустрэча іерарха са скаўтамі.

У гаміліі арцыбіскуп звярнуў увагу прысутных на тое, што чытанні з дня нагадваюць пра значэнне веры ў нашым жыцці.

У першым чытанні прарок Абакум вядзе нас да думкі, што калі мы будзем жыць згодна з прынцыпамі веры, то не будзем падобнымі да флюгера, які паварочваецца ў той бок, у які дзьме вецер.

«Так жывуць тыя, хто не верыць у Бога.

Колькі людзей, асабліва маладых, захапляецца рознымі сектамі ці верыць варажбітам? Колькі іх трапіла ў пасткі акультызму, сектанцтва, спірытызму?

Колькі кажа, што не важна ў якога Бога верыць, галоўнае верыць? Усё гэта азначае, што яны не маюць цвёрдага арыенціру ў сваім жыцці і не будуюць яго на трывалым фундаменце, якім з’яўляецца Хрыстус», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён дадаў, што прарок Абакум заклікае нас не турбавацца з-за таго, што іншыя больш паспяховыя, чым мы.

«Мы павінны глядзець на тое, як мы жывем і якімі з’яўляемся ў вачах Бога», — заахвоціў прысутных іерарх.

Евангелле апавядае аб тым, што вучні Езуса не маглі вылечыць хлопчыка, хворага на эпілепсію. Калі яны спыталіся, чаму, то Езус ім адказаў, што так адбываецца з-за іх слабой веры.

«Сучасны чалавек перажывае вялікі крызіс веры. Жыве так, як быццам Бога зусім няма. Часамі можна пачуць нараканні: „Вось, я столькі малюся, а Бог мяне не выслухоўвае“. Але ці тое, аб чым мы просім, адпавядае Божай волі? Не заўсёды. Таму неабходны прымаць Божую волю і з ёй згаджацца. Гэта — шлях да святасці і шлях да шчасця», — растлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Кіраўнік беларускага епіскапату выказаў радасць ад развіцця скаўтынгу ў нашай краіне. Пры гэтым ён падкрэсліў важнасць і актуальнасць скаўцкага метаду выхавання, асновай якога з’яўляецца ўсведамленне сваіх абавязкаў перад Богам, грамадствам і самім сабой.

«Такім чынам, скаўтынг выхоўвае маладых людзей моцнай веры і прыкладных грамадзянаў. Добры веруючы заўсёды будзе добрым грамадзянінам», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў беларускім скаўтам поспехаў у іх духоўным, фізічным і інтэлектуальным развіцці і ў служэнні Касцёлу і грамадству.

Падчас сустрэчы, якая адбылася пасля Імшы ў нефармальнай атмасферы, іерарх абмеркаваў далейшае развіццё скаўтынгу ў Беларусі і яго служэнне Касцёлу і грамадству. Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на неабходнасць фармацыі ў веры і хрысціянскага сведчання, якога чакае грамадства.

Абноўлена 13.08.2018 22:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа