Заклік біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
з нагоды падрыхтоўкі да ўрачыстасці Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся
Да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!
У 80-ю гадавіну кананізацыі святога Андрэя Баболі, заступніка Пінскай дыяцэзіі, у 75-ю гадавіну мучаніцкай смерці благаслаўлёнага кс. Мечыслава Багаткевіча, выпускніка Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, у сотую гадавіну біскупскага пасвячэння першага біскупа Пінскага Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага мы жадаем асаблівым чынам падзякаваць Пану Богу за ўсе Яго ласкі перад тронам Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, галоўнай Апякункі Пінскай дыяцэзіі. Мы хочам праз рукі Найсвяцейшай Панны Марыі даверыць Міласэрнаму Богу ўсе нашыя радасці і надзеі, нашае мінулае і будучыню. У сувязі з гэтым запрашаю ўсіх вернікаў дыяцэзіі на супольнае малітоўнае чуванне, якое адбудзецца 21–22 жніўня ў санктуарыі Маці Божай у Лагішыне.
Разам з пілігрымамі, якія прыбудуць пешшу з Баранавічаў і Бярозы, а таксама разам з парафіяльнымі групамі і сем’ямі з розных мясцінаў нашай дыяцэзіі сёлета мы хочам асабліва маліцца за нашую моладзь. Увосень у Рыме адбудзецца адмысловы Сінод Біскупаў, прысвечаны тэме моладзі. Таму заахвочваю ўсіх пілігрымаў у Лагішынскі санктуарый, а таксама ўсіх вернікаў дыяцэзіі да малітвы ў інтэнцыі надыходзячага Сінода і нашай моладзі.
Запрашаю таксама ахінуць асаблівай малітвай сем’і ў сувязі з набліжэннем Сусветнай сустрэчай сем’яў, якая ўжо ў гэтым месяцы адбудзецца ў сталіцы Ірландыі Дубліне. Сустрэчу сем’яў з усяго свету ўзначаліць папа Францішак. Даверым Марыі кожную нашую сям’ю, Святога Айца і надыходзячую сустрэчу.
Лагішынскі фэст Каралевы Палесся — гэта нагода асаблівым чынам перажыць спатканне з Езусам у сакрамэнце пакаяння і паяднання (споведзі), магчымасць паразмаўляць са святаром, даверыць Марыі намеры свайго сэрца і атрымаць адпуст.
Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя ў Лагішынскай цудатворнай іконе выпрасіць Божае благаслаўленне і шчодрыя ласкі ўсім наведвальнікам нашага дыяцэзіяльнага санктуарыя Каралевы Палесся.
З пастырскім благаслаўленнем,
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 1 жніўня 2018 г.
Святарам належыць абвясціць гэты заклік вернікам падчас кожнай св. Імшы ў нядзелю 12 жніўня і размясціць яго тэкст на дошцы аб’яваў.