Пошук


23 ліпеня ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў распачаліся Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Дэвіз сёлетняга дыяцэзіяльнага форуму маладых — «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства».

Больш за 100 юнакоў і дзяўчат прыехалі у Браслаў, каб правесці час у супольнай малітве, у дзяленні сваім духоўным вопытам, і каб проста пабыць разам. Да моладзі з Віцебскай дыяцэзіі далучыліся таксама юнакі і дзяўчаты з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, што ўжо стала тут добрай традыцыяй.

Сёлета адбыліся змены ў фармаце правядзення дыяцэзіяльных Дзён моладзі. Як адзначыў іх арганізатар ксёндз Алег Хмылко, які з пачатку гэтага года з’яўляецца адказным за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, сёлета націск кладзецца не на аднабаковую сувязь, а менавіта на дыялог моладзі з душпастырамі. Гэтаму перадусім павінна паспрыяць правядзенне «круглых сталоў», дзе моладзь не проста слухае лекцыі на пэўныя тэмы, а можа актыўна выказваць сваё меркаванне.

Асаблівым госцем дыяцэзіяльных Дзён моладзі ў Браславе ў гэтым годзе стаў айцец Даніэль Анж з Францыі, місіянер і прапаведнік Евангелля для моладзі, заснавальнік першай французскай школы малітвы і евангелізацыйнага руху для моладзі «Моладзь — Святло».

Форум распачаўся з прэзентацыі лагатыпа душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, які быў выбраны ў выніку конкурсу. У конкурсе на распрацоўку лагатыпа бралі ўдзел 12 юнакоў і дзяўчат. У ім перамагла Ганна Смільгінь, якая жыве і працуе у Верхнядзвінску. У якасці ўзнагароды дзяўчына атрымала бясплатную паездку на сустрэчу моладзі з папам Францішкам у Вільні, якая адбудзецца ў верасні гэтага года.

Адразу ж быў абвешчаны і наступны конкурс: моладзі прапанавана рабіць фотахроніку Дзён моладзі і выкладаць фотаздымкі ў сацыяльных сетках пад хэштэгам #ddm_vicebsk. Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымаюць на заканчэнне Дзён моладзі ўзнагароды.

Дарэчы, з гэтага года Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі мае свае групы ў сацыяльных сетках Укантакце і Інстаграм, якія найбольш папулярныя ў моладзі, каб такім чынам праводзіць евангелізцыю у інтэрнэце.

Ужо падчас першай канферэнцыі айца Даніэля Анжа аніматары вялі прамую трансляцыю, каб тыя, хто не змог прыехаць у Браслаў, мелі магчымасць праз інтэрнэт пачуць сведчанне евангелізатара.

Імшу на распачацце дыяцэзіяльных Дзён моладзі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Сваю гамілію іерарх прысвяціў адносінам чалавека з Богам.

Вялікую дапамогу у правядзенні дыяцэзіяльных Дзён моладзі аказала браслаўская парафія: як яе душпастыры, так і парафіяне, якія гасцінна адчынілі не толькі дзверы сваіх дамоў для юных пілігрымаў, але перадусім адарылі моладзь цеплынёю сваіх сэрцаў.

    

 

Абноўлена 24.07.2018 13:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.