Пошук

17.07.2018 09:16   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by / Фота: Вольга Сяліцкая / Catholic.by

14 ліпеня ў лесе каля Навумавічаў, на месцы масавага пахавання жыхароў Гродна і Ліпска, забітых нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны, вернікі ўшанавалі памяць ахвяраў у 75-ю гадавіну трагедыі.

Памятныя мерапрыемствы распачала ІV пешая пілігрымка з Гродна да месца спачыну расстраляных, сярод якіх была таксама благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая. Гэтая простая жанчына аддала жыццё за сваю нявестку і яе ненароджанае дзіця. Яна была беатыфікавана 13 чэрвеня 1999 г. папам Янам Паўлам ІІ у ліку 108-і благаслаўлёных мучанікаў Другой сусветнай вайны.

Сёлетняя пілігрымка, якая вырушыла з гродзенскай святыні Маці Божай Анёльскай, праходзіла пад дэвізам «Каб сведчанне іх не было забытае».

У пілігрымцы ўзялі ўдзел больш за 100 чалавек, нягледзячы на тое, што з-за зменлівасці надвор’я дарога была складанай. Гэтая пілігрымка вылучаецца характарам пакаяння. Пілігрымы разважалі над гераічным учынкамі мучанікаў, якія пралілі сваю кроў на нашай зямлі.

Не ўсе змаглі ісці пешкі, але тым не менш у навумавіцкім лесе, які з’яўляецца нямым сведкам трагічных падзеяў, сабралася шмат вернікаў. Ужо традыцыйна ў памятных мерапрыемствах брала ўдзел дэлегацыя з радзімы благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, у тым ліку бурмістр Ліпска (сёння тэрыторыя Польшчы), прадстаўнікі гарадской рады, праўнукi благаслаўлёнай Мар’яны, члены сем’яў забітых і скаўты.

Прысутныя маліліся ў адной інтэнцыі: каб Бог захаваў свет ад войнаў, голаду і агню, каб ніколі больш не паўтараліся такія падзеі, калі ў нявіннага чалавека адбіраецца найвялікшы дар — жыццё.

Святую Імшу на месцы трагедыі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку Імшы іерарх адзначыў, што патрэбна настойліва маліцца за мір у свеце. Па словах біскупа Аляксандра, наша зямля — гэта «адна вялікая рэліквія», бо яна была акроплена крывёю многіх мучанікаў, якія сваім прыкладам заахвочваюць сучасных людзей адважна ісці праз жыццё.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.