Пошук

16.07.2018 10:48   Catholic.by

З 8 па 14 ліпеня ў Варшаве праходзіла 30-я Міжнародная парафіяда дзяцей і моладзі, у якой удзельнічалі таксама прадстаўнікі Беларусі, паказаўшы добрыя вынікі ў шэрагу дысцыплінаў.

Толькі Гродзенскую дыяцэзію на гэтым унікальным духоўна-культурна-спартовым форуме прадстаўлялі 15 парафіяльных камандаў. Найбольшага поспеху беларускія ўдзельнікі Міжнароднай парафіяды дасягнулі ў спаборніцтвах па футболе.

Юныя футбалісты з гродзенскай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вострабрамскай, Маці Міласэрнасці (Аўгустовак), ва ўзроставай катэгорыі 14–16 гадоў, у якой выступалі 9 каманд, занялі першае месца, не прайграўшы ніводнага матчу.

У выніку хлопцы вярнуліся ў Гродна з залатымі медалямі і кубкам пераможцаў.

Юнакі з гэтай парафіяльнай супольнасці паказалі добрыя вынікі таксама ў іншых відах спорту, заняўшы ў сваіх узроставых катэгорыях першыя месцы ў спаборніцтвах па бадмінтоне (Валеры Сяўрук) і плаванні (Альберт Ронік), другое месца па шашках (Вераніка Жыгуліч) і трэцяе — па настольным тэнісе (Кірыл Тарасюк). Сваю рознабаковасць гродзенцы пацвердзілі, заняўшы таксама другое месца ў конкурсе малюнку (Аліна Сяўрук).

У таварыскім футбольным матчы паміж зборнымі парафіяды і паліцыі Варшавы беларускія ўдзельнікі адзначыліся добрай гульнёй, забіўшы тры мячы, якія запісаў у свой актыў гродзенец Антоні Сучкоў. У складзе зборнай парафіяды гуляў таксама апякун моладзі з Аўгустовак кс. Артур Малафей, а вароты абараняў яго падапечны Вадзім Сляпец. І хоць у напружанай барацьбе з лікам 7–6 перамагла зборная паліцыі, аднак гэты матч запомніцца яго ўдзельнікам перадусім сяброўскай атмасферай і магутнай падтрымкай палутара тысяч заўзятараў, якія запоўнілі трыбуны.

Такім чынам, акрамя медалёў, дыпломаў і кубкаў, удзельнікі з Беларусі прывезлі дамоў з юбілейнай парафіяды ў Варшаве новы духоўны і чалавечы вопыт, незабыўныя ўражанні, шмат пазітыву, а таксама надзею на наступныя сустрэчы з новымі і старымі сябрамі, з якімі іх пазнаёміла і здружыла парафіяда.

 

 

Абноўлена 16.07.2018 14:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа