Пошук

25.06.2018 12:53   Catholic.by
Фота з архіва Віталія Палінеўскага

25 чэрвеня прайшла цырымонія перазахавання парэшткаў ахвяр трагедыі ва ўрочышчы Благоўшчына, што на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса Трасцянец — былым нацысцкім лагеры смерці пад Мінскам у часы Другой сусветнай вайны.

Сярод прысутных на памятнай цырымоніі выступіў і старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх адзначыў, што лагер смерці Трасцянец знаходзіцца ў адным шэрагу з Асвенцымам, Майданэкам і Трэблінкай — месцам генацыду людзей розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.

«Сёння мемарыяльны комплекс Трасцянец заклікае да адказу на пытанне: „Дзе знаходзяцца межы нянавісці? Як чалавек мог падняць руку на іншага чалавека?“ Трасцянец заклікае да новага асэнсавання правоў чалавека і народаў да існавання, свабоды, незалежнасці і любові да бліжняга. Гэта месца кажа, што ніводзін народ не можа развівацца за кошт іншага, яго зняволення, эксплуатацыі і смерці».

  

Як дадаў арцыбіскуп,

«Трасцянец — месца, якое павінна нанава абудзіць у сучасным свеце прысутнасць Бога як гаранта сапраўднага міру, калі з’яўляюцца новыя пагрозы, у сэрцах людзей пануе моц грахоўнай цемры, а імя Бога выкарыстоўваецца для апраўдання сляпога насілля адносна бязвінных.

Таму сёння, у наш неспакойны час, няхай з гэтага палітага крывёю нявінных людзей месца гучыць малітва: „Божа міру, Ты адзіны з’яўляешся сапраўдным супакоем, адары сучасны свет ласкай прымірэння, каб ніколі не паўтарылася трагедыя, падобная да трагедыі Трасцянца, каб ніколі больш чалавек не падымаў руку на іншага чалавека і каб ніколі больш не было вайны“».

Абноўлена 26.06.2018 18:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.